Рэгіёны сустракаюць агітацыйныя пікеты



Віцебскія валанцёры на чале з Таццянай Севярынец, даверанай асобай Святланы Ціханоўскай, правялі цэлы агітацыйны ваяж: цягам дня наведалі тры райцэнтры Віцебшчыны. Больш за 400км у абодва бакі праехалі пікетоўцы, па некалькі гадзін правёўшы ў Бешанковічах, Докшыцах і Лепелі.

Сустрэча ў Бешанковічах

Ад 100 да 200 чалавек прыйшлі на пікеты першых двух райцэнтрах, каля 500 наведнікаў сабралася ў Лепелі. Людзі ахвотна падхоплівалі лозунгі, спявалі “Перамен” і “Муры”, але найбольш уразілі вайскоўцы, кажа Таццяна Севярынец:

– Лепель – гэта гарадок у атачэнні вайсковых частак, і заўсёды ён быў нейкім апірышчам “рускага міру”. Але падышлі вайскоўцы і кажуць: “Мы афіцэры. І хочам сказаць вам, землякі, што ніхто ў нас не падтрымлівае дзейную ўладу. І ніхто не будзе страляць у мірных людзей”. І настрой у Лепелі быў такі баявы, такі натхняльны!

Сустрэча ў Лепелі

Уразілі лепельскія жыхары і ўдзельніка паездкі Аляксея Прохарава:

– Лепель! Нягледзячы на дождж, там усе мокрыя былі, але стаялі!Ніхто не сыходзіў! Там усе былі, і моладзь, і сталыя людзі, і зусім старыя прыходзілі, казалі, што раней такога яшчэ не было. Людзі разумеюць, што ўсё, прыйшоў час мяняць сітуацыю ў краіне.

Сустрэча ў Лепелі

Падчас пікетаў быў арганізаваны так званы “вольны мікрафон”, і людзі маглі выказацца пра ўсё, што іх хвалюе. Жыхары ўсіх трох райцэнтраў казалі, што гатовы падтрымаць менавіта Святлану Ціханоўскую, і дужа перажывалі, што на пікеты змаглі прыйсці не ўсе ахвотныя.

“Вольны мікрафон” у Докшыцах

На думку Таццяны Севярынец, жыхарам глыбінкі вельмі бракуе зносінаў з тымі, хто не баіцца выступіць супраць цяперашніх уладаў. Яны таксама супраць, але адчуваюць сябе значна смялей, калі “ужывую” бачаць аднадумцаў.

Беларускае Радыё Рацыя, Віцебск