Рэгулярны грузавы экспрэс-цягнік будзе хадзіць з Літвы ў Беларусь?
Літва разглядае магчымасць арганізаваць з Беларуссю рух экспрэс-цягніка для перавозак асноўных грузаў на рэгулярнай аснове, паведаміў міністр транспарту і сувязі Літвы Яраслаў Наркевіч на сустрэчы з міністрам транспарту і камунікацый Беларусі Аляксеем Аўраменкам 2 кастрычніка ў Менску ў межах Беларускага транспартнага тыдня.
«Сёння мы назіраем пазітыўную дынаміку росту аб’ёму грузаперавозак з Беларуссю. Камбінаваны цягнік »Вікінг« застаецца адным з найбольш канкурэнтаздольных праектаў у нашым супрацоўніцтве і дэманструе рост у 20%. Дадаткова разглядаем магчымасць арганізаваць экспрэс-цягнік паміж нашымі краінамі для перавозак асноўных грузаў на рэгулярнай аснове», – прыводзіць словы Наркевіча прэс-служба беларускага міністэрства.
У сваю чаргу Аўраменка адзначыў, што Літва – адзін з вядучых эканамічных партнёраў Беларусі, прычым адным з асноўных напрамкаў супрацоўніцтва зʼяўляецца транзітна-транспартная сфера. «Літоўская Рэспубліка, і порт Клайпеда ў прыватнасці, зʼяўляюцца даўнімі партнёрамі беларускіх імпарцёраў і экспарцёраў. Штогадовая доля беларускіх грузаў, якія перавальваюць у Клайпедскім порце, на працягу апошніх пяці гадоў перавышае 30%», – сказаў беларускі міністр.
Паміж дзвюма краінамі назіраецца і пастаянны рост пасажырскіх перавозак – за апошнія восем месяцаў перавезена 229 тыс. пасажыраў, рост склаў 13%. Кіраўнік Ментранса Літвы адзначыў, што агульнымі намаганнямі неабходна павышаць прывабнасць цягніка «чатырох сталіц» (Кіеў – Менск – Вільня– Рыга), у тым ліку за кошт больш актыўнага выкарыстання гэтага цягніка ў зносінах Менск – Вільня – Рыга.
Бакі таксама абмеркавалі мадэрнізацыю пункта пропуску «Мядзінінкай – Каменны Лог», які прымае амаль палову аўтамабільнага грузапатоку паміж Літвой і Беларуссю. Наркевіч паведаміў, што з літоўскага боку падрыхтоўка да пачатку работ ідзе ў адпаведнасці з графікам: пашырэнне ўчастка дарогі з зоны пункта пропуску з 4 да 8 палос пачнецца ў канцы гэтага года, рэалізаваць праект плануецца да 2023 года.
З беларускага ж боку з выкарыстаннем фінансавання, якое выдзяляецца Еўрапейскім інвестыцыйным банкам, ажыццяўляецца рэканструкцыя аўтамабільнай дарогі Менск – Вільня (М7) і мадэрнізацыя пункта пропуску «Каменны Лог». Рэалізацыя праекта дасць магчымасць значна павялічыць прапускную здольнасць гэтых абʼектаў.