Рэканструктары адновяць карціну вызвалення Берасця ў 1944-м



29-30 ліпеня Берасце адзначае свята горада. Горад і бліжэйшыя да яго населеныя пункты былі вызваленыя ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў 28 ліпеня 1944 года падчас Люблін-Берасцейскай наступальнай аперацыі войскамі 1-га Беларускага фронту. З гэтай нагоды ваенна-гістарычныя рэканструктары вырашылі аднавіць 29 ліпеня карціну вызвалення Берасця і ваколіц ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, паведаміў БЕЛТА прадстаўнік Рады ГА „Ваенна-гістарычны клуб «Гарнізон»” Пётр Піцко.

” У 2019 годзе мы будзем адзначаць 1000-годдзе Берасця. Хацелася б зрабіць гораду асаблівы падарунак, таму пачалі рыхтавацца да падзеі загадзя. Упершыню гэтым летам правядзём рэканструкцыю вызвалення, а за два гады адпрацуем сцэнар. Пастараемся зарэкамендаваць гэтае мерапрыемства, надаць яму статус”, – адзначыў Пётр Піцко.

Ваенна-гістарычная рэканструкцыя пройдзе ў вёсцы Скокі на тэрыторыі музея-сядзібы Нямцэвічаў. Будзе адноўлены эпізод вызвалення ад фашысцкіх захопнікаў аднаго з населеных пунктаў Берасцейскага раёна. Удзельнікі адлюструюць узаемадзеянне войскаў з мясцовымі жыхарамі, пакажуць іх лёс пад прыгнётам акупацыі.

Гістарычнае відовішча разлічана прыкладна на 40-50 хвілін.

Фота sergey-larenkov.livejournal.com