Рэканструкцыя цэнтра Пінска выклікае спрэчкі



У Пінску працягваецца чарговы этап рэканструкцыі гістарычнай часткі горада. Завяршыць яе плануюць да 920-годдзя палескай сталіцы.

Працы выклікалі абурэнне сярод многіх гараджан, а сацыяльныя сеткі выбухнулі негатыўнымі меркаваннямі.

Гісторык-краязнаўца Эдвард Злобін распавядае, што пінчукі выказваюць абурэнне з-за некалькіх чыннікаў:

– Я не разумею навошта трэба ўпарадкоўваць у двукоссях і замяняць гістарычную брукаванку на сучасны матэрыял. Горад некалі быў зялёны, а цяпер абскубаны і хутка ў цэнтры ўвогуле не застанецца дрэваў.

Улады Пінска запэўніваюць, што зялёная зона будзе адроджаная, гэта прадугледжана планам рэканструкцыі, а так званая “трылінка” 1930-х гадоў будзе выкарыстоўвацца ва ўпрыгожванні альбо дапаўненні нейкіх аб’ектаў.

Пятро Савіч, Беларускае Радыё Рацыя