Рэха Чарнобыля на Берасцейшчыне
На Берасцейшчыне 119 населеных пунктаў знаходзіцца ў зоне радыёактыўнага забруджвання, а на яе тэрыторыі пражывае каля 120 тысяч грамадзян. Дагэтуль жыхары пяці сёлаў Столінскага раёну Берасцейшчыны маюць права на адсяленне. Усё гэта наступствы Чарнобыльскай аварыі.
Найбольшы ўзровень радыяцыі ў лясах Пінскага, Драгічынскага, Столінскага ды Лунінецкага раёнаў. Такія назіранні эпідэміёлагі зрабілі ў сувязі з адкрыццём сезону грыбоў і ягад, адзначае супрацоўніца пінскага санітарнага цэнтру Алена Гладун.
Акрамя таго, што медыкі заклікаюць правяраць на радыяцыю ўсе лясныя багацці, яны не раяць збіраць грыбы і ягады побач з месцамі жыццядзейнасці чалавека:
– Не раім збіраць грыбы і ягады каля звалак, аўтамагістраляў. Не трэба купляць грыбы і ягады ў несанкцыянаваных месцах. Лепш за ўсё купляць на рынках, там, дзе ёсць адмысловыя лабараторыі.
На Берасцейшчыне праверыць грыбы і ягады на радыяцыю магчыма ў кожным лясніцтве альбо адмысловых лабараторыях, якія ёсць у кожным горадзе рэгіёна.
Пятро Савіч, Беларускае Радыё Рацыя
Фота greenpeace.org