Рэха Чарнобыля ў лясах Берасцейшчыны



На Берасцейшчыне, ў кожным лясніцтве вобласці, створаны адмысловыя мапы, на якіх пазначаныя месцы з вялікай колькасцю радыяцыі, ў якіх катэгарычна забараняецца збор грыбоў альбо ягад. Увогуле, такія месцы лепш не наведваць. Мапы размешчаны на сайтах лясніцтваў і ў друкаваным выглядзе знаходзяцца ва ўстановах лясной гаспадаркі.

Пасля Чарнобыльскага выбуху ў лясах Берасцейшчыны з’явіліся небяспечныя радыёнукліды “цэзій-137” ды “стронцый-90”. Гэтыя рэчывы збіраюцца ў арганізме чалавека, паступова пранікаючы ў косткі, адзначае супрацоўнік пінскага навукова-тэхнічнага цэнтру Мікалай Ермаловіч:

– Яны адкладваюцца ў арганізме у мяккіх тканінах практычна па ўсім целе чалавека. “Стронцый-90” – гэта элемент ІІ групы, шчолачна-зямельны метал, такі ж як і кальцый, а кальцый, як вядома, адкладваецца ў касцях. Таму стронцый таксама адкладваецца, апраменьвае чырвоны касцяны мозг. Гэта сапраўдная небяспека.

Рэха Чарнобыля яшчэ не адное дзесяцігоддзе будзе гучаць на беларускіх землях, упэўнены адмыслоўцы. Радыяцыя правакуе анкалагічныя захворванні, колькасць якіх у Беларусі пасля Чарнобыльскай аварыі ўзрасла ў 4 разы.

Пятро Савіч, Беларускае Радыё Рацыя

Фота inosmi.ru