Рэха выбараў: штрафы для апазіцыйных экс-кандыдатаў



Больш за дзве тысячы даляраў – такія штрафы атрымалі за парламенцкую кампанію экс-кандыдат у дэпутаты Паліна Шарэнда-Панасюк разам з кіраўніком выбарчага штаба Андрэем Шарэнда. Пра гэта паведаміў берасцейскі праваабаронца Уладзімір Вялічкін.

Ён перакананы, што ўлады проста не змаглі прабачыць электаральную перамогу дэмакратычных прадстаўнікоў:

– Тое, што я сёння назіраю, я лічу гэта наўпроставай помстай рэжыму тым кандыдатам, якія не пабаяліся сказаць праўду. Яны проста кваліфікавалі агітацыйныя пікеты як несанкцыянаваныя масавыя мерапрыемствы. І гэтая практыка дзейнічае ўжо не першы год. Калісьці тое ж самае зрабілі з даверанай асобай кандыдата Меха, здаецца, Рыгорам Грыкам, яго таксама каралі за тое, што ён праводзіць нейкія несанкцыянаваныя мерапрыемствы.

Паводле Уладзіміра Вялічкіна, такія дзеянні з боку праваахоўных органаў – гэта проста помста таму кандыдату, які страшна дакучаў уладам.

Беларускае Радыё Рацыя, Берасце