Рэктар Акадэміі мастацтваў адмовіўся аднаўляць адлічаных студэнтаў
Студэнтаў, адлічаных з Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў, аднаўляць у гэтай ВНУ не плануюць. Гэта вынікае з адказу, які рэктар Акадэміі Міхаіл Баразна даў на калектыўны зварот, пад якім падпісаліся студэнты, выпускнікі і выкладчыкі.
Ініцыятарам звароту стала тэатральны крытык і кандыдат мастацтвазнаўства Крысціна Смольская. Яна ж апублікавала ў Фэйсбуку і адказ Баразны, які атрымала 17 лістапада.
Патрабаванні падпісантаў рэктар назваў беспадстаўнымі. Ён спаслаўся на артыкулы 79 і 126 Кодэкса аб адукацыі, якія рэгулююць дамоўныя адносіны паміж навучэнцамі і ўстановай адукацыі. Ён называе патрабаванне калектыўнага звароту „галаслоўным”, не пацверджаным дакументальна і неаб’ектыўным. Па яго словах, няма ніякіх законных падстаў аднавіць адлічаных студэнтаў.
Нагадаем, што гаворка ідзе пра студэнтаў, адлічаных па палітычных матывах.
Беларускае Радыё Рацыя