Рэктар ВДУ – прыхільнік “русского мира” – застаецца на працы



Патрабаванне звольніць рэктара Віцебскага ўніверсітэта ў Міністэрстве адукацыі “прынялі да ведама”.

Віцебскі актывіст руху “За свабоду” Хрыстафор Жаляпаў атрымаў адказ з Міністэрства адукацыі на створаную ім петыцыю з патрабаваннем адстаўкі рэктара ВДУ Аляксея Ягорава. У петыцыі гаварылася пра тое, што 21 лютага, калі ва ўсім свеце адзначаўся Міжнародны дзень роднай мовы, у Віцебскім дзяржаўным універсітэце праводзіліся імпрэзы пад агульным назовам “Мой родной язык – русский”. І што гэта супярэчыць галоўнай задачы ВНУ – рыхтаваць настаўнікаў для беларускіх школ, якія павінны фармаваць у сваіх вучняў патрыятычныя пачуцці.

У адказе з Міністэрства адукацыі пералічваюцца мерапрыемствы, якія праводзіліся ў ВДУ і былі прысвечаны роднай мове. Таксама згадваецца, што студэнты і выкладчыкі бяруць удзел у гарадскіх беларускамоўных імпрэзах. Аднак міністэрства не дае ацэнкі пазіцыі кіраўніцтва, якое скарысталася грашовай падтрымкай фонду «Русский мир» і праводзіла ў Міжнародны дзень роднай мовы імпрэзы ў гонар мовы расейскай.

Меркаванні пра тое, што пасаду рэктара беларускай ВНУ не павінен займаць чалавек, які мае сумнеўную пазіцыю адносна суверэнітэту Рэспублікі Беларусь і яе нацыянальных каштоўнасцяў, у Міністэрстве адукацыі “прынялі да ведама”, як напісана ў афіцыйным лісце.

Ганна Ліпка, Беларускае Радыё Рацыя, Віцебск