Рэктарат Універсітэта імя Гілевіча адклаў спробу атрымаць ліцэнзію



Рэктарат прыватнага Універсітэта імя Ніла Гілевіча на некалькі месяцаў адклаў спробу атрымаць у Міністэрстве адукацыі ліцэнзію на адукацыйную дзейнасць, паведаміў БелаПАН выканаўца абавязкаў рэктара ВНУ ганаровы старшыня Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны (ТБМ) гісторык Алег Трусаў.

Раней кіраўніцтва ўніверсітэта меркавала на пачатку лютага падаць у Мінадукацыі дакументы на атрыманне ліцэнзіі для падрыхтоўкі студэнтаў па шасці спецыяльнасцях: камп’ютарныя тэхналогіі ў сферы культуры і адукацыі; ахова культурных помнікаў, гістарычнай спадчыны, турызм; паланістыка; германістыка; мастацкі пераклад; урбаністыка.

„На мінулым тыдні мы схадзілі на кансультацыю ў Міністэрства адукацыі, — сказаў Трусаў. — Выявілася, што папер трэба ў два разы больш, чым мы думалі. Нам патрэбныя не толькі праграмы і спісы, але і вучэбна-метадычныя комплексы па кожным прадмеце. Гэта дакументы, па якіх арганізуецца падрыхтоўка студэнтаў. Туды абавязкова ўваходзяць праграма навучання, усе семінарскія заняткі, уся літаратура, публікацыі і падручнікі, якія маюцца па тым ці іншым прадмеце, — усё гэта агулам прыкладна 30-50 старонак машынапіснага тэксту. Я іх пісаў, я ведаю, што гэта такое. Дай бог, каб кожны выкладчык па адным комплексе напісаў за месяц”.

„Гэтыя комплексы трэба абараніць і зацвердзіць у адпаведных камісіях. Без дазволу камісіі, якая зацвярджае комплекс, ліцэнзію ніхто не дасць. Камісіі знаходзяцца ў розных месцах. Напрыклад, шмат іх маецца пры БДУ, бо там выпускаюць тыпавыя планы для ўсіх астатніх, якія потым кожны ўніверсітэт бярэ за аснову, дадаючы нешта сваё. Потым гэтыя комплексы публікуюцца ў інтэрнэце”, — дадаў в.а. рэктара.

Такім чынам, паводле слоў Трусава, падача дакументаў на атрыманне ліцэнзіі адкладаецца на тэрмін ад двух да чатырох месяцаў. Разам з тым ён не лічыць неабходнасць складання вучэбна-метадычных комплексаў дадатковым цяжарам і бюракратычнай перашкодай. „Гэта не выдуманае з паветра патрабаванне, — падкрэсліў Трусаў. — Калі будуць комплексы, будзе і лёгка навучаць студэнтаў. Проста раней нам пра іх не казалі, выявілася толькі цяпер. Будзем пісаць. Калі мы знойдзем грошы, то, як і некаторыя іншыя ўніверсітэты, надрукуем гэтыя комплексы ў выглядзе кніжак, атрымаюцца такія міні-падручнікі, дапаможнікі”.

Не бачыць Трусаў праблемы і ў тым, калі ўніверсітэт не паспее атрымаць ліцэнзію, каб распачаць падрыхтоўку студэнтаў ужо сёлета. „Не паспеем атрымаць, пачнем набор праз год. Галоўнае — зрабіць усё, нам трэба гэта мець. Падумаеш, адзін год [прапусцім], але за гэты час трэба будзе напісаць 50—70 комплексаў, пачаць пісаць новыя падручнікі. Я зараз збіраюся разам з сябрамі напісаць чарговы падручнік — „Гісторыя Украіны”. Пра Расію мы выдалі, а цяпер будзем пісаць пра Украіну. Тым больш што мы хочам стварыць кафедру ўкраіністыкі, бо мы зусім не ведаем гісторыю суседняй краіны”, — растлумачыў ганаровы старшыня ТБМ.

Ствараць прыватны беларускамоўны ўніверсітэт ТБМ пачало ў 2017 годзе. У канцы верасня таго ж года Мінгарвыканкам зарэгістраваў ВНУ як структурнае падраздзяленне таварыства і выдзеліў памяшканне пад офіс будучай навучальнай установы, аднак пасля гэтага сталічныя ўлады доўгі час адмаўляліся рэгістраваць яе назву. Пасля паўтара дзясятка няўдалых спробаў ВНУ зарэгістравалі пад назвай „Універсітэт імя Ніла Гілевіча”. Неўзабаве быў зарэгістраваны і статут універсітэта, згодна з якім навучанне студэнтаў у перспектыве будзе весціся па 56 спецыяльнасцях.

Улетку 2018 года кіраўніцтва ТБМ запусціла сайт універсітэта, а таксама адкрыла некалькі банкаўскіх рахункаў для тых, хто хоча ахвяраваць грошы на развіццё адукацыйнай установы.

У верасні 2018-га пры ўніверсітэце адкрыліся падрыхтоўчыя курсы. На гэты момант іх наведваюць прыблізна 70 дарослых і падлеткаў. Праходзяць заняткі па матэматыцы, фізіцы, хіміі, гісторыі Беларусі, беларускай, англійскай, нямецкай і польскай мовах. Навучанне вядзецца па-беларуску. Слухачы плацяць 200 рублёў за 72 гадзіны навучання і могуць выбраць тры прадметы.

belapan.by