Рэктарка ВДУ – віцебскім актывістам: “Усё было па-беларуску”



Прадстаўнікі грамадскасці Віцебска атрымалі адказ ад рэктаркі  мясцовага ўніверсітэта на свой  ліст-папярэджанне пра неабходнасць выхаваўчай працы на роднай мове.  Зварот да кіраўніцы ВНУ датычыўся мінулагодняга скандальнага выпадку, калі ў Міжнародны дзень роднай мовы ва ўніверсітэце прайшлі імпрэзы, прысвечаныя расейскай мове, якія фінансаваліся расейскім фондам “Русский мир”.

Адтрыманы адказ каментуе адзін з аўтараў ліста, Хрыстафор Жаляпаў:

– Рэктарка педуніверсітэта пералічвае ўсе мерапрыемствы, якія прайшлі з 10-га па 21-га лютага па тэме прапагандавання беларускай мовы ва ўніверсітэце. Гэта анлайн-фестываль “110 год мова гучыць у ВДУ”, інфармацыйныя гадзіны, марафон беларускай паэзіі. Прычым падтрымала гэты марафон і сама рэктарка Валянціна Багатырова.

З нагоды Міжнароднага дня роднай мовы ў ВДУ прайшла сустрэча кіраўнікоў горада і вобласці з актывістамі  Таварыства беларускай мовы. Пра спадзевы на тое, што праблемы з беларускай мовай  будуць вырашацца, кажа  старшыня абласной рады ТБМ імя Францішка Скарыны Юрый Бабіч:

– Варта чакаць таго, што ў нас не будуць замяняць шыльды з беларускамоўных на рускамоўныя, прыкладам, на прыпынках, як гэта было апошнім часам. Я вельмі спадзяюся, што ў нашых рэгіянальных структурах не будзе праблем у ажыццяўленні сваёй статутнай дзейнасці. Дамовіліся і пра тое, што будзем разам працаваць, каб у нас з’явіўся першы беларускамоўны клас у горадзе.

Актывісты атрымалі ліст і ад кіраўніка ўпраўлення культуры аблвыканкаму Пятра Падгурскага, які сёлета ўпершыню ўзяў удзел у агульнанацыянальнай дыктоўцы. Чыноўнік таксама пералічыў мерапрыемствы, які праходзяць на роднай мове ў межах вобласці. Але Пятру Падгурскаму ўжо даслалі чарговы ліст для рэагавання: пераважна на расейскай мове праводзіць імпрэзы Абласны метадычны цэнтр народнай творчасці – установа, якая паводле прафесійных абавязкаў заклікана папулярызаваць родную мову і культуру.

Ганна Ліпка, Беларускае Радыё Рацыя