„Рэпарцёры без межаў” асудзілі прысуд беларускім аўтарам расейскіх інфармрэсурсаў



Праваабарончая арганізацыя „Рэпарцёры без межаў” асуджае прысуд беларускім аўтарам расейскіх інфармрэсурсаў, якіх прызналі вінаватымі ў распальванні міжнацыянальнай варожасці і пакаралі кожнага пяццю гадамі пазбаўлення волі з адтэрміноўкай выканання на тры гады.

У заяве, распаўсюджанай кіраўніком аддзела арганізацыі па Усходняй Еўропе і Цэнтральнай Азіі Ёханам Бірам, адзначаецца, што „такія прысуды былі б дарэчныя ў дачыненні да небяспечных злачынцаў, каб утрымаць іх ад паўторнага ўчынення злачынства, але не ў дачыненні да блогераў, якія былі прыцягнутыя да адказнасці за выказванне супярэчлівых поглядаў„.

Калі кіравацца міжнароднымі стандартамі свабоды слова, то для вынясення такіх несувымерных прысудаў падстаў няма. Мы заклікаем адмяніць абвінаваўчыя прысуды па апеляцыі„, — падкрэсліў Бір.

Выкладчык БДУІР кандыдат гістарычных навук Юрый Паўлавец, галоўны рэдактар часопіса „Новая эканоміка” Сяргей Шыпценка і вартаўнік з Берасця Дзмітрый Алімкін — аўтары расейскіх інфармрэсурсаў „Рэгнум”, „Лента.ру” і „Еўразія Дэйлі”. Паўлавец публікаваўся пад псеўданімамі Павел Юрынцаў і Мікалай Радаў, Алімкін — пад псеўданімам Ала Бронь, мінчанін Шыпценка — пад псеўданімам Артур Грыгор’еў.

У снежні 2016 года іх затрымалі і ўзялі пад варту як падазроных у распальванні міжнацыянальнай варожасці (ч. 3 арт. 130 Крымінальнага кодэкса).

Падставай для распачынання крымінальнай справы паслужылі высновы Рэспубліканскай экспертнай камісіі па ацэнцы інфармацыйнай прадукцыі пры Міністэрстве інфармацыі, якая ўгледзела ў публікацыях гэтых аўтараў прыкметы экстрэмізму. Абвінавачаныя і іх абаронцы выказалі здагадку, што крымінальны пераслед быў інспіраваны кіраўніцтвам Мінінфарма.

На працягу ўсяго суда фігуранты справы і іх адвакаты заяўлялі пра некампетэнтнасць дзяржаўных экспертаў, якія ацэньвалі іх матэрыялы на прадмет наяўнасці прыкмет распальвання нацыянальнай варожасці і экстрэмізму. Яны настойвалі на правядзенні паўторнай комплекснай псіхолага-лінгвістычнай экспертызы, але ў гэтым ім было адмоўлена.

2 лютага Менскі гарадскі суд прыгаварыў трох беларускіх аўтараў да пяці гадоў пазбаўлення волі з адтэрміноўкай пакарання на тры гады і вызваліў іх з-пад варты. БелаПАН