„Рэпарцёры без межаў” – пра хвалю пераследаў журналістаў у Беларусі
Міжнародная арганізацыя „Рэпарцёры без межаў” заклікала партнёраў афіцыйнага Мінска ў свеце адрэагаваць на хвалю праследаванняў журналістаў у Беларусі. Адпаведная заява апублікаваная 14 лістапада на сайце арганізацыі.
Прадстаўнікі „Рэпарцёраў без межаў” звярнулі ўвагу на тое, што ў 2018 годзе ў краіне прысуджаная рэкордная колькасць штрафаў — каля ста — беларускім журналістам, якія ў асноўным супрацоўнічаюць з польскім тэлеканалам „Белсат”.
„Такая беспрэцэдэнтная колькасць штрафаў прызначаная выключна для таго, каб заткнуць рот незалежным журналістам, — заявіў кіраўнік аддзела Усходняй Еўропы і Цэнтральнай Азіі „Рэпарцёраў без межаў” Ёхан Бір. — Гэта частка татальнай кампаніі, накіраванай на ўціск апошніх крытычных галасоў у СМІ ў краіне. Міжнародныя партнёры Беларусі павінны ў тэрміновым парадку зрабіць націск на ўлады, каб спыніць гэта”.
Прадстаўнікі „Рэпарцёраў без межаў” адзначылі, што беларускія ўлады выкарыстоўваюць „класічныя метады”, у прыватнасці яны „змушаюць незалежныя СМІ размяшчацца за межамі краіны, а затым адмаўляюць іх карэспандэнтам у акрэдытацыі, прымушаючы іх такім чынам працаваць незаконна”. Пры гэтым колькасць штрафаў, накладзеных на журналістаў, якія так працуюць, расце па экспаненце: у 2016 годзе іх было 10, у 2017-м — 69, а ў 2018-м — 99.
„Некаторым журналістам надаецца асаблівая ўвага, — падкрэслілі ў арганізацыі. — Летась журналіст „Белсата” Кастусь Жукоўскі атрымаў дзесяць, сёлета — дванаццаць штрафаў на агульную суму 4,7 тыс. еўра. Вольга Чайчыц, якая таксама працуе на „Белсат”, атрымала дзевяць штрафаў у мінулым годзе і дзевяць — у гэтым. Агульная сума склала 3,88 тыс. еўра. Сярэднямесячная зарплата ў Беларусі складае каля 400 еўра”.
„Рэпарцёры без межаў” разам з Беларускай асацыяцыяй журналістаў і многімі іншымі міжнароднымі некамерцыйнымі арганізацыямі з 2008 года заклікаюць улады „перагледзець заканадаўства аб акрэдытацыі замежных СМІ”, аднак улады „працягнулі рабіць больш жорсткім, а не спрашчаць заканадаўства ў сферы СМІ”.
У „Індэксе свабоды прэсы” — рэйтынгу, які складае гэтая міжнародная арганізацыя, — Беларусь займае 155-е месца сярод 180 краін.
belapan.by