„Рэпарцёры без межаў” заклікалі да неадкладнага вызвалення Дзмітрыя Галко



Да неадкладнага вызвалення беларускага журналіста Дзмітрыя Галко заклікалі „Рэпарцёры без межаў”.

На думку міжнароднай арганізацыі, Галко, судовы працэс над якім пачаўся 10 ліпеня, з’яўляецца ахвярай пераследу, а абвінавачанні на яго адрас маюць прыкметы помсты.

„У гэтага журналіста няма прычын знаходзіцца ў турме„, — заявіў кіраўнік аддзялення „Рэпарцёраў без межаў” па Усходняй Еўропе і Цэнтральнай Азіі Ёхан Бір.

У звароце адзначаецца, што Галко вядомы сваімі рэпартажамі аб рэвалюцыі 2014 года ва Украіне і канфлікце на паўднёвым усходзе краіны. У 2016 годзе, пасля забойства Паўла Шарамета, ён стаў рэдактарам сайта „Беларускі партызан” і займаў гэтую пасаду да 2017 года.

„Рэпарцёры без межаў” нагадваюць, што Беларусь знаходзіцца на 155-м месцы ў індэксе свабоды друку, які выводзіць арганізацыя паводле вынікаў аналізу сітуацыі ў 180 краінах.

Абвінавачанне Галко звязанае з падзеямі 25 лістапада 2017 года. У той дзень яго сын святкаваў 15-годдзе з сябрамі ў менскай кватэры. Праз некалькі гадзін у дзверы пазваніў участковы. Ён паведаміў, што прыбыў на шум, і папрасіў дакументы. Завязалася бойка з удзелам Галко і яго сына. Двое маладых людзей, якія прыйшлі на дзень нараджэння, атрымалі траўмы, уцякаючы ад міліцыянераў праз балкон. Дзмітрыя Галко, яго сына і яшчэ некалькіх падлеткаў даставілі ў аддзяленне міліцыі. Пазней высветлілася, што частка падлеткаў былі ў нецвярозым стане. На наступны дзень маладых людзей адпусцілі дадому, а Галко-старэйшага даставілі ў Цэнтр ізаляцыі правапарушальнікаў. 27 лістапада яго асудзілі за дробнае хуліганства і аштрафавалі.

У снежні ў дачыненні да Галко распачалі крымінальную справу, пасля чаго ён з сынам паехаў ва Украіну. Калі ў красавіку журналіст вярнуўся ў Беларусь, яго затрымалі і ўзялі пад варту.

Паводле версіі абвінавачання, журналіст нанёс міліцыянеру як мінімум два ўдары ў галаву, аказваў актыўны супраціў пры затрыманні і парваў куртку аднаму з супрацоўнікаў праваахоўных органаў.

Галко віны не прызнае. Справа слухаецца ў судзе Савецкага раёна Менска.   БелаПАН