„Рэпарцёры без межаў” заклікалі спыніць судовы і фінансавы пераслед незалежных журналістаў



 Спыніць усё больш моцны судовы і фінансавы пераслед незалежных журналістаў заклікала  ўлады Беларусі міжнародная арганізацыя „Рэпарцёры без межаў”.

У паведамленні, распаўсюджаным 18 мая, згадваецца, што з пачатку 2018 года журналісты штрафаваліся не менш як 48 разоў; у асноўным пацярпелі супрацоўнікі тэлеканала „Белсат”, які вяшчае з Польшчы, (46 разоў). За тыдзень з 8 па 14 мая за працу без акрэдытацыі пры Міністэрстве замежных спраў Беларусі было накладзена не менш за 10 штрафаў. За ўвесь 2016 год журналісты штрафаваліся 10 разоў, за 2017-ты — 69. У прыватнасці, летась супрацоўнік „Белсата” Канстанцін Жукоўскі штрафаваўся 10 разоў, сёлета — ужо восем (на 2.300 еўра).

„Рэпарцёры без межаў” звяртаюць увагу на заганнае кола: пераслед прымушае незалежныя СМІ працаваць з-за мяжы, але на журналістаў накладаюцца штрафы, калі яны не маюць акрэдытацыі пры МЗС. Пры гэтым „улады адхілілі шматлікія просьбы „Белсата” аб дазволе адкрыць у Мінску бюро і акрэдытаваць сваіх карэспандэнтаў”. У выніку журналісты вымушаныя працаваць нелегальна, маюць праблемы з бяспекай і атрыманнем афіцыйнай інфармацыі.

„Павелічэнне ў геаметрычнай прагрэсіі колькасці штрафаў, накладзеных з пачатку года, сведчыць аб мэтанакіраванай кампаніі з мэтай прымусіць замаўчаць журналістаў „Белсата”, — заявіў кіраўнік аддзела „Рэпарцёраў без межаў” па Усходняй Еўропе і Цэнтральнай Азіі Ёхан Бір.

Паводле яго слоў, міжнародныя партнёры Беларусі павінны неадкладна зрабіць націск на ўлады, каб пакласці канец судоваму і фінансаваму пераследу незалежных журналістаў. „Патрабаванне аб акрэдытацыі для замежных СМІ павінна быць адмененае”, — падкрэсліў Бір.

Беларусь займае 155-е месца сярод 180 краін у індэксе свабоды СМІ „Рэпарцёраў без межаў”.  БелаПАН