Рэпрэсаваны Пінск. З гісторыі 1939-1941 гадоў
Карэнная жыхарка Пінска, адная з заснавальніц і старшыняў мясцовай суполкі Таварыства ахвяраў палітычных рэпрэсій Гэлена Шаламіцкая адзначыла 90 годдзе. Святкаванне юбілею адбылося ў вузкім коле сваякоў і сяброў, без нейкай помпы ды дыфірамбаў. Насамрэч гэта мужная постаць, якая з’яўляецца сведкай і удзельніцай самых трагічных падзей ХХ стагоддзя.
У чарговы раз давялося пераканацца ў тым, што ў людзей, якія прайшлі праз сталінскія рэспрэсіі і цудам лёсу ацалелі, маюць незвычайную моц, прагу да жыцця. Яны нібы атрымалі прышчэпку, якая не дазваляе сумаваць, апускаць рукі. Канечне, яны выжылі ў ГАЛАГу, а гэта выпала далёка не кожнаму з вязняў.
За што выслалі з роднага Пінску 13-гадовую Гэлю?
Падставай стала тое, што родны брат служыў афіцэрам польскага войска, а гэта быў вельмі важны чыннік для бальшавікоў. Сям’ю Гэлі выслалі цягніком у ноч з 19-га на 20-е чэрвеня 1941 года. Да-да, літаральна за суткі да нападу Нямеччыны на Савецкі Саюз. Сама пані Гэля ўпэўненая ў тым, што ёй куды больш пашчасціла чым пінчукам, хто застаўся ў лапах НКУС. Пра гэта пазней…
Сям’я вярталася ў Пінск толькі з-за таго, каб даведацца будзь-якія звесткі пра сына, але нічога. Верагодна, што яго расстралялі і можа нават у Катыні. З цягам часу вырашылі зрабіць сімвалічную магілу на старажытных могілках Пінска. Усё жыццё пайшло з нуля, цяжкае, з ярмом на шыі “вораг народа”.
У 1954 годзе ў горад над Пінай прыехаў Казімір Свёнтэк, які знаходзіўся ў зняволенні звыш 10 год. Для многіх пінчукоў ягонае з’яўленне стала збаўленнем, промнем, які асвятліў шлях у цемры. Адрадзілася касцёльнае жыццё, каталікі кансалідаваліся і разам перанеслі панаванне атэістычнай улады.
Напачатку 1990 гадоў пры Саюзе палякаў Беларусі пачало дзейнічаць Таварыства ахвяраў палітычных рэспрэсій. У Пінску ў стварэнні таварыства “Сібіракаў” актыўны ўдзел узяла Гэлена Шаламіцкая, якая пазней узначаліла мясцовую суполку. Да апошніх гадоў яна выяжджала на штогадовы Марш Сібіракаў, які ладзіцца ў Польшчы. Цяпер не дае здароўе ад’ехаць далёка ад дому, але бадзёрасці духу менш не стала.
Чыгуначны вакзал у Пінску, адсюль адыходзілі цягнікі з дэпартаванымі
Занялі Пінск і зрабілі некалькі стрэлаў па вежам касцёла
“Ва ўсіх у кішэнях злотыя і польскія пашпарты, ды і размоў больш пра лёс Польшчы, нібы не разумеюць, што той Польшчы ўжо канец…” – занатаваў напрыканцы верасня 1939 года пісьменнік Фёдар Одрач, які вяртаўся цягніком ў Пінск з Вільні. Сапраўды, “старыя” грошы і пашпарты зменяць на савецкія толькі ўлетку 1940 года. Да таго ж часу карысталіся злотымі, пячаткамі і штампамі мясцовых дзяржаўных устаноў, банкаў, пошты і г.д.
Горад над Пінай Чырвоная Армія заняла ўвечары 21 верасня 1939 года. Праз пяць дзён гараджане даведаліся пра сфарміраванае Часовае гарадское ўпраўленне. У яго кіраўніцтва ўвайшлі мясцовыя камуністы, якіх каардынавалі таварышы з цэнтра. Кіраванне падзялялася на аддзелы: прамысловы, фінансавы, адукацыі, харчавання, сувязі і г.д. Для дапамогі новым уладам з пінчукоў сфармавалі Атрад рабочай гвардыі. Дарэчы, многія першыя кіраўнікі савецкіх органаў улады, а гэта пераважна актыў Кампартыі Заходняй Беларусі, неўзабаве самі зрабіліся ахвярамі рэпрэсій.
Вострай праблемай стала арганізацыя харчавання. Пінск ратавалі пастаўкі з СССР: у снежні 1939 года ў горад завезлі звыш 60 тон цукру, розных круп, 240 тон солі і 110 тон газу. Праблему беспрацоўя вырашылі за кошт грамадскіх работ і выплаты сацыяльнай дапамогі. Са снежня 1939 года пачаўся працэс нацыяналізацыі маёмасці і зямель у так званых “ворагаў”. Нягледзячы на тое, што масавыя дэпартацыі рэпрэсаваных пайшлі ў лютым 1940 года, на жаль, першыя нявінныя ахвяры з’явіліся з прыходам саветаў.
Галасаванне за дэлегатаў на Народны Сход у Беласток, кастрычнік 1939 год.
Да апошняга верылі ў лепшае
Днём, 20 лістапада 1939 года, уладальнік рэстарацыі-кандытарскай Тэадор Грыгаровіч напісаў заяву на імя Часовага ўпраўлення:
“Абслугоўваючы (…) пераважна прадстаўнікоў Чырвонай Арміі і Флота, выдаючы штодня каля 200 абедаў, звыш 100 вячэр і сняданкаў, а раней выпекаў штодня 600 – 700 пірожных, я ўвесь час адчуваю моцны недахоп ў прадметах першай неабходнасці: мука, цукар, каменны вугаль. Гэта адпускаецца гандлёвым аддзелам Часовага ўпраўлення: цукар у колькасці 50 кг на 2 тыдні ледзь хапае для абслугоўвання наведвальнікаў гарбатай, а ўжо аб кандытарскіх вырабах і казаць няма чаго. Муку я да гэтага часу даставаў па высокіх коштах, але ўсё ж даставаў, цяпер жа яе зусім няма. Каменнага вугалю наогул няма, а даваць яго Гарпал мне адмовіў. З прычыны выкладзенага (…) прашу распараджэння пра выдачу для патрэб майго прадпрыемства ў дастатковай колькасці мукі, цукру і вугалю. Месячная патрэба мукі – 300 кг, цукру – 300 кг, вугалю – 2 тоны. Калі я названыя неабходныя прадукты і паліва праз аддзелы Часовага ўпраўлення атрымаць не змагу, прашу дазволу аб закрыцці кандытарскай і застацца толькі пры рэстаране” – гаворыцца ў заяве “буржуя”.
На што спадзяваўся ўжо не пан, а наіўны таварыш Грыгаровіч? Літаральна праз некалькі тыдняў ён вымушаны бегчы ў глыб Польшчы і ўвогуле пакінуць усё новым гаспадарам. Дальнейшы ягоны лёс невядомы. Трэба адзначыць, што рэстарацыя-кандытарская Грыгаровіча сапраўды карысталася вялікім попытам і не толькі сярод пінчукоў, ён быў апантанны сваёй справай. Між іншых, якасць ежы і абслугоўванне адзначылі наступныя знаныя асобы: беларускія пісьменнікі Міхась Лынькоў і Янка Маўр, расейская актрыса Фаіна Ранеўская і спявак Леанід Уцёсаў.
Пэўна верыў у вяршэнства здаровага сэнсу і выдатны палітычна-прамысловы дзеяч Раман Скірмунт, які жыў у Парэчча, што ў 30 кіламетрах на поўнач ад Пінска. Як толькі ў верасні 1939 года Чырвоная Армія пачала паход у Заходнюю Беларусь, Скірмунта папярэджвалі, што будзе бяда. Кажуць, ён паўтараў: “У жыцці не зрабіў нікому нічога дрэннага …”, а вось народная прымаўка кажа наступнае: “Не рабі дабра – не атрымаеш зла”. Скірмунт 72 гады пражыў на сваёй зямлі, са сваімі людзьмі, ніколі не бег. Ня баяўся ў Першую Сусветную, Польска-Савецкую, у Грамадзянскую вайну, заўсёды быў першым, не хаваўся за спіны людзей. Нашто бегчы? Прэм’ер-міністра БНР без суда і следства расстралялі мясцовыя прыхільнікі бальшавізму ў кастрычніку 1939 года.
Шмат было тых, хто адмаўляўся бегчы і трапляў альбо ў пінскую турму альбо атрымоўваў “квіток у Сібір”. Не кожнаму пашанцавала і з тых, хто вырашыў збегчы на Запад. Некаторыя сем’і, а часам накіроўваліся цэлымі групамі, траплялі на бальшавікоў ці звычайных злодзеяў, якія выдавалі сябе за камуністычных актывістаў. Такія наўпрост рабавалі і забівалі.
На магіле Рамана Скірмунта ў Парэчча (Пінскі раён).
Афіцыйны старт арыштам і дэпартацыям
З лістапада 1939 года на Піншчыне аб’явілі аб нацыяналізацыі маёмасці і грашовых сродкаў. Гэтым далі афіцыйны старт рэпрэсіям у рэгіёне. У лютым 1940 года пачаліся масавыя дэпартацыі. Першымі вывозілі асаднікаў і леснікоў, затым да гэтага варожага класавага элемента дадаліся кулакі, памешчыкі, служачыя, настаўнікі, прадстаўнікі тэхнічнай і творчай інтэлігенцыі.
“Пытаюся ў мамы, чаму забіраюць тых людзей. Яна, вельмі засмучаная, кажа, што гэта пачаўся вываз. Дзіўнае слова. Што яно азначае? Але мама не хоча адказваць на мае пытанні. Мама плача… Вываз звычайна праводзілі ўначы. (…) Куды адыходзілі цягнікі? Дарослыя казалі, што ў Сібір. Я не ведаў, дзе яна знаходзіцца, але па выразу, з якім вымаўлялася гэтае слова, можна было меркаваць, што гэта жудаснае месца”, – з успамінаў уражэнца Пінска, вядомага польскага журналіста Рышарда Капусцінскага.
Па агучаным дадзеным у 1940-1941 гадах з Піншчыны выслалі каля 4 тысяч мясцовых жыхароў. Не ўсе краязнаўцы пагаджаюцца з гэтай лічбай, гаворачы, што прыблізна столькі выслалі з аднаго Пінска. Магчыма спрачацца з дадзенымі і верагодна адказ крыецца недзе ў сакрэтных архівах, але колькі б не было ахвяр сталінскіх рэпрэсій – гэта трагедыя, якая выпала на пакутніцкую беларускую зямлю.
Дэманстрацыя за савецкую ўладу, 1939 год.
Дык чаму пашчасціла тым, каго вывезлі?
Гэлена Шаламіцкая ўзгадвае, што іх эшалон па дарозе некалькі разоў абстрэльвалі з паветра. Было чуваць, як свісталі кулі і ў некалькі метрах рваліся снарады. Усе маліліся, каб толькі цягнік рушыў наперад, хай куды-небудзь, але не памерці. Выжылі і сапраўды былі радыя. Пазней, калі пані Гэлена вярнулася ў Пінск, зразумела, што лёс у чэрвені 1941 даў цуда двойчы.
У пінскай турме заставаліся зняволеныя. Камусьці не хапіла месца ў цягніку, а кагосьці схапілі напярэдадні нацыскага ўварвання. Так, напрыклад, сталася з былым дырэктарам гарадскога музея. 19 чэрвеня 1941 года Дзмітрый Георгіеўскі накіраваўся ў Сташаны і Лагішын, што напоўнач ад Пінска з мэтаю пошуку артэфактаў. З экспедыцыі Георгіеўскі не вярнуўся. Ёсць звесткі, што 22 чэрвеня 1941 года яго арыштавалі органы НКУС, якія ўпершыя дні вайны праводзілі ліквідацыю “ненадзейнага элемента”. Але існуе і крыху іншая версія. Быццам бы ёсць сведкі, што навуковец паспеў 22 чэрвеня вярнуцца ў Пінск ды здаць камандзіроўку і толькі тады яго арыштавалі. У любым выпадку яго напаткала нелепшая доля.
Разумеючы, што гітлераўскія войскі прасоўваюцца далей, вязнеў пінскай турмы і тых, каго затрымвалі чэкісты, падзялілі на тры групы, каб нібы вывесці з Пінска. Адная група рушыла на поўдзень ад горада, праз вёску Плешчыцы. Уся група знікла ў 22-23 чыслах чэрвеня. Такі ж лёс нападкаў і калону, якую этапавалі праз Лагішын – зніклі без вестак. А вось з іншай групай больш дакладна.
Жудаснае злачынства адбылося ў лесе побач вёсцы Вулька-Гарадзішчанская. Невядома чаму канвойныя абралі такі варыянт смерці для сваіх ахвяр, але сталася нешта варварскае. 53 асобы звязалі паміж сабою калючым дротам і закапалі жыўцом. Трагедыю на ўласныя вочы пабачыў вясковец, які па прыходу нацыстаў распавёў ім пра тое, што бачыў у лесе. 12 ліпеня 1941 года пры прысутнасці лекараў, мясцовых жыхароў і адпаведна акупантаў прайшла эксгумацыя. Словы вяскоўца аказаліся праўдаю…
Цяпер на гэтым месцы стаіць крыж з надпісам “Ахвярам сталінізму. Чэрвень 1941 года”.
Бальшавікі на занятых землях праводзілі сваю палітыку, “перараблялі” рэгіён пад сябе і Фёдар Одрач заўважыў наколькі гэта было нязвыкла для палешука:
“Сельскае насельніцтва Палесся стала перад цалкам новай з’явай – пастаяннай сустрэчай з уладай. Яшчэ перад Першай Сусветнай вайной паляшук вельмі рэдка сустракаўся з царскімі прадстаўнікамі ўлады, прыставамі або валаснымі чыноўнікамі. За польскім часам, па старой звычцы, паляшук, як правіла, ўхіляўся сустракацца з паліцэйскімі, гміннымі работнікамі і таму падобнае. Словам – далей ад улады! І былая царская „улада”, або больш позняя, польская, і не лезлі без патрэбы на сяло. З’яўленне польскага паліцэйскага ў сяле выклікала жахлівую сенсацыю. Наш селянін стагоддзямі знаходзіцца пад чужой уладай, арганічна не любіць гэтай улады і адчувае сябе кепска, калі ўлада наведвае яго роднае сяло…”
Беларускае Радыё Рацыя