Рэпрэсаваныя 29 сяброў прафсаюза РЭП
Дваццаць дзевяць сяброў адзінага і самага буйнога незалежнага прафсаюза РЭП – радыёэлектроннай прамысловасці – былі рэпрэсаваныя па краіне пасля падзеяў 25-26 сакавіка. Яны атрымалі пакаранні ў выглядзе штрафаў да 30 базавых велічыняў альбо арышты да 15 сутак. Зараз на рахунак РЭП паступаюць дабрачынныя ахвяраванні для пацярпелых. Пра гэта заявіў лідар прафсаюза Генадзь Фядыніч.
– Так адклікнуліся, што слёзы на вачах з’яўляюцца, як бачыш гэтыя пералікі: па 5, 10, 100 рублёў. Папросту людзі прыходзяць і аддаюць грошы для тых пацярпелых, якія ніякага дачынення не маюць да апазіцыі. На рахунак працягваюць прыходзіць грошы, і іх ужо дастаткова, каб аплаціць людзям-сутачнікам квіткі, купіць перадачу, а таксама матэрыяльна дапамагчы. Гэта ўсё празрыста. Сябра прафсаюза ці не – няхай людзі звяртаюцца па дапамогу. Яны яе атрымаюць.
Сам Генадзь Фядыніч разам з кобрыньскім палітыкам ды прафсаюзным лідарам Аляксандрам Мехам атрымалі “рэкордныя” штрафы – па 50 базавых велічыняў.
Віталь Сямашка, Беларускае Радыё Рацыя, Менск