Рэпрэсіі на Гомельшчыне
На Гомельшчыне перад выходнымі пракацілася хваля затрыманняў і палітычных судоў. Паводле розных палітычных артыкулаў судзілі як мінімум 15 чалавек, піша “Гомельская Вясна”.
Праваабаронцы паведамляюць, што па Рэчыцкім раёне, дзе пачаліся антытэрарыстычныя вучэнні, праехаліся супрацоўнікі СОБРу. Затрымалі брата палітолага Валерыя Карбалевіча. Яго затрымлівалі разам з жонкай, змушалі запісаць “пакаяннае” відэа (сям’я не згадзілася). Пратрымалі трое сутак у ІЧУ, але асудзіць не паспелі праз вялікую колькасць затрыманых. Позву ў суд выдалі на 10 лістапада.
На чарговыя 15 сутак асудзілі Міхаіла Лапунова, бацьку аднаго з самых маладых палітычных вязняў Мікіты Залатарова. Гэта ўжо шосты 15-сутачны арышт запар.
Суды за распаўсюджванне “экстрэмісцкіх матэрыялаў” адбыліся ў Рэчыцы (судзілі 5 чалавек), Гомелі (разбіраліся справы трох затрыманых) у Хойніках, Светлагорску, Жлобіне, Петрыкаве.
„Белсат”