«Рэпрэсіўныя» законапраекты
Савет Рэспублікі прагаласаваў за «рэпрэсіўныя» законапраекты менш як праз тыдзень пасля іх ухвалення Палатай прадстаўнікоў. Раней Беларуская асацыяцыя журналістаў звярталася ў палату прадстаўнікоў, каб вынесці на грамадскае абмеркаванне некаторыя пункты законапраекта «Аб змяненні законаў аб сродках масавай інфармацыі”. Але старшыня Пастаяннай камісіі па правах чалавека, нацыянальных адносінах і СМІ Генадзь Давыдзька накіраваў у „БАЖ” адказ: абмеркаванне не ўяўляецца магчымым, паколькі законапраект ужо прыняты. Хутка іх прынялі і ў Савеце Рэспублікі, пасля ўхвалення законапраектаў іх мае падпісаць Лукашэнка, і тады яны ўступяць у сілу.
Акурат з Аляксандрам Лукашэнкам гэтыя папраўкі і можна было б абмеркаваць, кажа палітычны аналітык і медыя-эксперт Паўлюк Быкоўскі, але няма падставаў, што ён іх не падпіша:
– Можна абмеркаваць, канешне, з кіраўніком дзяржавы, які мусіць гэта падпісваць ці не падпісваць. Але паколькі гэта фармальна была ініцыятыва ўрада, то, хутчэй за ўсё, няма ніякіх падстаў лічыць, што ён гэта не падпіша.
Новыя папраўкі ў шэраг законаў у дэмакратычнай супольнасці назвалі «рэпрэсіўнымі», паколькі яны ўводзяць шэраг абмежаванняў, напрыклад, журналістам на заканадаўчым узроўні забараняцца весці прамыя стрымы з акцый, якія недазволеныя ўладамі. Іншыя папраўкі скасавалі апавяшчальны прынцып масавых мерапрыемстваў, цяпер у абавязковым парадку мусіць быць заяўка. Уводзіцца і шэраг іншых абмежаванняў.
Улад Грынеўскі, Беларускае Радыё Рацыя