Рэспубліка Саха – агромністая жыццёвая прастора



Гэты невялікі па колькасці народ мае агромністую жыццёвую прастору з багацейшымі ў свеце прыроднымі рэсурсамі для якога прырода – галоўны Бог і святыня. Край, які большы амаль у 6 разоў за Францыю, з’яўляецца самым вялікім суб’ектам у Расейскай Федэрацыі і найбуйнейшай адміністрацыйнай адзінкай ў свеце.

Рэспубліка Саха, можна сказаць дзяржава ў дзяржаве (27 верасня 1990 года Якуцкая АССР стала рэспублікай Саха ССР. У 1991 – Рэспубліка Саха, у 2009 годзе па патрабаванні і ціску Кастытуцыйнага суда РФ палажэнні аб суверэнітэце краіны былі ў большай частцы скасаваны з Канстытуцыі Рэспублікі Саха). Па рэйтынгу агульных запасаў прыродных рэсурсаў займае першае месца ў Расейскай Федэрацыі.

Знакамітая кімберлітавая трубка “Мір” у Мірным. За 60 гадоў з яе здабылі дыяментаў на 17 мільярдаў даляраў.

Дзякуючы Рэспубліцы Саха Расейская Федэрацыя па шматлікіх карысных выкапнях  – найбагацейшая ў свеце, а дзякуючы беларусу – геолагу са Случчыны, рэвалюцыянеру-дэмакрату, Канстанціну Валасевічу (Валасовічу), пасля яго работ па геалогіі Якуціі даследаванні тут сталі рэгулярнымі і выявілі неверагодныя запасы прыродных багаццяў гэтага краю. З падручніка геаграфіі мы памятаем, што ў рэспубліцы знаходзіцца адзін з сусветных “палюсоў холаду” – Аймякон.

Чысхаан – Якуцкі Дзед Мароз з прыхажуняй Зімой “жывуць” у Аймяконе

Назвы краіны “Якуція” ў якуцкай мове няма, яна гучыць як Саха Өрөспүүбүлүкэтэ, Саха Сирэ.

Каланізацыя Сахі казакамі расейскай імперыі пачалася з першай чвэрці 17стагоддзя (па іншых звестках з канца 16 ст.). У першай палове 17 стагоддзя было шмат паўстанняў якутаў супраць маскавітаў, але адсталая зброя і раз’яднанасць якутаў садзейнічалі паразам. Шматлікія ясачныя якуты (плацілі Маскоўскай Русі і царскай Расеі натуральны падатак, ясак (татар.), аж да 1917 г.) змушана пакідалі родныя мясціны і рухаліся на поўнач па рацэ Лене і па яе прытоках углыб таёжных тэрыторый. Некаторыя кажуць, што каланізацыя Сахі была падобна на каланізацыю Паўночнай Амерыкі. Леў  Гумілёў пісаў, што якуты вядомы з 4-5 ст. нашай эры і яны старэйшыя за рускіх на 1000 гадоў. Таму націск “маладых рускіх” у 17 ст. яны не адбілі, а тунгусы не любілі якутаў і прывялі ў Якуцію рускіх. Тыя рускія хутка самы сталі якутамі. У вялікіх якуцкіх сем’ях да рэвалюцыі з 9-10 дзяцей заставаліся 1-2, самыя здаровыя, моцныя і таленавітыя. Таму, як лічыць Леў Гумілёў якуты – культурны, паэтычны і цывілізаваны народ. У часткі якуцкай інтэлігенцыі шмат гадоў захоўваецца інтарэс да Кітаю і Японіі. У цяжкія гады, як ўспамінае Гумілёў, якуты былі адзіным народам СССР, хто яго падтрымваў, яны цікавіліся яго працамі, чыталі яго кнігі. Таму на здачы экзаменаў у Льва Гумілёва студэнту-якуту было дастаткова ведаць “Алонха” – старажытнае мастацтва якутаў. З 2005 года ЮНЭСКА аб’явіла “Алонха” як “шэдэўр вуснай і нематэрыяльнай спадчыны чалавецтва”. Адным з апошніх прадстаўнікоў сучасных аланхасутаў ёсць Пётр Ягоравіч Рашэтнікаў з Таццінскага ўлуса (Саха мае 34 улусы і Навасібірскія астравы, па іншых звестках 35).

Знакамітыя Ленскія слупы

Апошнімі гадамі сенсацыяйнае адкрыццё пра паходжанне народа Саха зрабілі даследаванні і выхад манаграфіі вядомага навукоўцы Веры Фефалавай. Манаграфію “Продкамі якутаў былі арыйцы” прэзентавалі у ЯНЦ СО РАН, дзе прысутнічалі вядомыя вучоныя ў галіне генетыкі і медыцыны краіны. Гіпотэза энтнагенеза якутаў звязана не столькі з мангалоіднымі плямёнамі, колькі з індаеўрапейскімі арыйцамі, якія потым змяшаліся з мангалоіднымі плямёнамі. Гіпотэза прайшла экспертызу і была апублікавана ў адным з вядучых генетычных часопісаў свету “American Journal of Human Genetics.” Як сцвярджаюць якуцкія крыніцы ў жылах актора Стывена Сігала цячэ якуцкая кроў.

12 лютага адбылася прэзенацыя другой сенсацыйнай і вельмі чаканай кнігі года “Тайная гісторыя Саха” кандыдата гістарычных навук Афанасія Мікалаева, дзе аўтар спасылаецца на генетыка В. Фефалаву і піша: “…у крыві сучасных Саха 29,1% арыйскай крыві… у германцаў 16,1%, у рускіх – 10%. Саха з’яўляюцца продкамі “індзейцаў Амерыкі, арыяў, цэнтральнаазіяцкіх хунну”. Маюцца таксама сувязі між шумерамі і саха. У старажытных арыстакратычных дамах Японіі ёсць таксама сувязь з саха, напрыклад назва самага уплывовага рода Сога, з’яўляецца траскрыпцыяй слова Саха. Гісторык Мікалаеў піша, што рускія з’яўляюцца братамі па крыві і культуры. Рускія на мове саха азначае “родныя па жаночай лініі («уруу уус») і магчыма ў гэтым разгадка паходжання рускага народа. У часы Чынгісхана існавала практыка пабрацімства, калі нявесту аддавалі за нашчадка рода правіцеля імперыі. Шырокавядома, што субстратам рускіх былі фіна-вугорскія плямёны. А яны мігравалі з Якуціі. Таксама спадар Мікалаеў піша, што малалікія чукоцкія плямёны не былі пераможаны сілай зброі і захавалі незалежнасць ад Расейскай імперыі. Цяпер зразумела, чаму выбар пра народ-недарэку ў часы СССР паў на “чукчу”.

У 1897 годзе якуты ў Якуцкай вобласці складалі бальшыню насельніцтва на гэтай зямлі, рускія – каля 15%, астатнія народы-тунгусы, татары, чукчы, юкагіры. Пісьменнасць якутаў у час першага перапісу насельніцтва ў 1897 г.  была адной з найменшых у Расейскай імперыі.

У 1939 годзе якуты былі таксама бальшынёй ў сваёй рэспубліцы – 56,5%,  рускіх было 35,5%.  На фронтах ІІ Сусветнай вайны якутаў загінула  37 тысяч (усяго ў Якуціі жыло  240 тыс. чал.), больш як 60 тыс. чалавек памерлі ў самой Якуціі. Гэта былі пераважна жанчыны і дзеці, якія загінулі ад голаду, які выклікала засуха 1939-1941гг. і, як пішуць якуты, палітыка кіраўніцтва абкама кампартыі, на чале з таварышам Сцепаненкам, які патрабаваў план пастаўкі сельгаспрадукцыі любым коштам. У адсотках да ўсяго насельніцтва Саха якуты ў час ІІ Сусветнай вайны згубілі больш, чым беларусы.

У 1989 годзе якуты сталі меншасцю – 33,4%, рускіх – 50,3%.

У 2010 годзе якутаў – 49,9%, рускіх – 37,8%.

Сёння ўжо можна сказаць, што якуты ўпершыню пасля ІІ Сусветнай вайны на сваёй тэрыторыі становяцца бальшынёй насельніцтва. Іх пражывае зараз каля 0,5 мільёна чалавек з 950 тысяч насельніцтва Сахі. Адсотак рускіх, украінцаў, беларусаў, татараў паступова змяншаецца. Сталіца Якуцк па колькасці насельніцтва меншая за Гародню. Агулам гарадское насельніцтва складае больш 64% ад усяго насельніцтва краіны.

Якуцкае свята

Самае папулярнае якуцкае свята прысвечана сонцу і коням. Называецца якуцкім “Новым годам”, ці  “Ысыах”, які святкуецца ў канцы чэрвеня. Пад час святкавання праводзяцца гульні, карагоды, спаборніцтвы, шанаванні бажаствоў. Індаеўрапейскія народы пад рознымі назвамі святкуюць у гэты час свята летняга сонцазварота. Беларусы шырока святкуюць Купалле.

Алесь Крой, Гародня