Рэстаран „Поедем поедим” можа спыніць працу з-за недахопу наведвальнікаў



Рэстаран „Поедем поедим”, пабудаваны побач з месцам масавых пахаванняў ахвяр сталінскіх рэпрэсій ва ўрочышчы Курапаты каля Менска, з-за недахопу наведвальнікаў можа спыніць работу ўжо да лістапада.

Такое меркаванне выказаў 24 верасня на прэс-канферэнцыі каля рэстарана сустаршыня аргкамітэта па стварэнні партыі „Беларуская хрысціянская дэмакратыя” (БХД) Павел Севярынец.

„Курапацкая варта працягваецца, — сказаў палітык. — Зараз мы робім усё, каб гэтая сітуацыя скончылася да Дзядоў (дзень памінання продкаў, які традыцыйна адзначаецца 2 лістапада. — БелаПАН.). Мы абвясцілі байкот, рассылаем звароты, фіксуем усіх, хто сюды прыязджае. Паводле нашых назіранняў, у рэстаране сталі менш гатаваць, а значыць, усё менш людзей сюды наведваюцца. Таму да Дзядоў сітуацыя можа дайсці да таго, што сюды людзі ў прынцыпе перастануць прыязджаць. Калі сітуацыя да таго моманту не вырашыцца, то мы вырашым, што будзем рабіць далей. Зараз агульны настрой — працягваць варту, пакуль ёсць сілы”.

Паводле слоў Севярынца, абаронцы Курапатаў зацвердзілі канчатковы спіс фізічных і юрыдычных асоб, якім абвешчаны байкот з-за працы рэстарана. У спіс увайшлі дванаццаць супрацоўнікаў рэстарана і прадстаўнікоў бізнесу, у тым ліку ўладальнік установы Леанід Зайдэс, уладальнік ТАА „ІВ” Аркадзь Ізраілевіч, бізнесмен Барыс Сурыс і іншыя.

У пералік таксама ўвайшлі сем кампаній — пастаўшчыкоў прадукцыі, восем „агрэсіўных наведвальнікаў” і трынаццаць спецыялістаў, былых і дзейных чыноўнікаў, якія, паводле сцвярджэння абаронцаў Курапатаў, дазволілі пабудаваць рэстаран каля мемарыяла.

„Мы прынялі рашэнне апублікаваць нумары аўтамабіляў, якія прыязджалі сюды, амаль за чатыры месяцы, — сказаў сустаршыня БХД. — Гэтая інфармацыя будзе выкладзеная ў адкрыты доступ у інтэрнэце. Зараз у базу ўнесена больш за 300 аўтамабіляў, зафіксавана і апрацоўваецца яшчэ каля двух соцень. Для нас асабліва важна даведацца, што гэта за людзі. Магчыма, там ёсць машыны ў вышуку, машыны людзей, якія ўдзельнічалі [у канфлікце] на Данбасе на баку Расіі, начальства, чыноўнікаў. Наколькі гэта магчыма, мы будзем публікаваць гэтую інфармацыю”.

„У найбліжэйшы час мы таксама рыхтуемся абысці дамы па вуліцы Мірашнічэнкі, каб запрасіць на абарону Курапатаў мясцовых жыхароў. Гэта тыя людзі, якія разам з намі абаранялі Курапаты ад будаўніцтва бізнес-цэнтра ў 2017 годзе, а таксама падчас будаўніцтва Менскай кальцавой аўтадарогі”, — адзначыў Севярынец.

Пратэсты супраць працы рэстарана „Паедзем паядзім” у Курапатах доўжацца з 31 мая. 9 верасня каля 80 чалавек правялі каля ўваходу ў рэстаран сход, на якім заявілі аб працягу акцый у абарону Курапатаў, а таксама прынялі зварот на імя прэм`ер-міністра Сяргея Румаса і генпракурора Аляксандра Канюка з просьбай паспрыяць закрыццю рэстарана .

belapan.by