Рэстараны Гародні: тут час спыніўся
Найперш паспрабуем зазірнуць у 1980-ыя і прыгадаць якія рэстараны існавалі тады ў Гародні. Трыццаць гадоў таму ў горадзе над Нёманам было ўсяго хіба 7 рэстаранаў: “Нёман”, “Беларусь”, “Зубр”, “Гродна”, “Беласток”, “Заря”, а таксама безназоўны рэстаран чыгуначнага вакзалу. Палова з іх размяшчалася пры гатэлях. Да нашых дзён у мадэрнізаваным выглядзе дажылі хіба толькі тры – “Гродна”, які бальшыня жыхароў здаўна называе “Парламентам”, істотна перабудаваны “Нёман”, а таксама “Заря”, дзе зараз кафэ. “Беласток” і “Беларусь” даўно зачыненыя, а ў будынку перабудаванага чыгуначнага вакзалу на вузкіх дзвярах вісіць таблічка “временно не работает”, якую напэўна не разумеюць прыезджыя.
У час перабудовы сталі паўставаць новыя рэстараны. Адным з такіх стаў “Стары замак”, які праіснаваў нядоўга. Месціўся ён у сутарэннях палацу Храптовічаў на вуліцы Замкавай, дзе зараз дзяржаўны музей гісторыі рэлігіі. Куды больш ведамы гарадзенцам папулярны некалі “Кронан” з чыста мясцовай назвай у самым цэнтры гораду. Ён таксама даўно зачынены, а тэрыторыя вакол занядбана.
Назвы сучасных рэстаранаў гораду над Нёманам выразна адлюстроўваюць татальную русіфікацыю гораду. Адзінае выключэнне, хіба, гэта “Карчма”, што месціцца на рагу вуліц Ажэшкі і Савецкай. Агульная ж сітуацыя сумная – відавочна, што рэстаратары перажываюць зараз ня лепшыя часы.
Як відаць з таблічкі стары рэстаран, які раней у народзе называлі „Бэсар” альбо „Насьёналь”, зачынены ўжо амаль тры гады.
У першай палове дзевяностых тут за шклом была размешчана вялікая выява гербу „Пагоня”, потым яе замянілі на афіцыёзны герб, пасля памянялі на больш нейтральную шыльду.
Некалі ў гэтым мадэрнізаваным будынку месціўся рэстаран „Зубр”, які ў народзе называлі „Скаціна”. Гэта было ўлюбёнае месца студэнтаў сельгасінстытуту. Зараз у будынку месціцца гістарычны факультэт дзяржаўнага ўніверсітэту.
Не так даўно ў былой сталоўцы аблвыканкаму, дзе пазней размяшчалася кавярня „Гародня”, адчыніўся рэстаран з расейскамоўнай назвай.
Рэдкая беларускамоўная назва, якая радуе вока.
Усё, што засталося ад рэстарану „Кронан”. Тут час сапраўды спыніўся…
На будынку колішняга рэстарана „Радуга” з’явілася праява „русского мира” з характэрнай літарай ъ.
Адпаведная гісторыі гораду назва, але чамусьці таксама выканана па-расейску.
Рэстаран „Белыя розы” непадалёк Белых Росаў мікрараёну Дзевятоўка.
Адзіная назва па-расейску, якую можна апраўдаць, паколькі паходзіць яна ад славутага літаратурнага твору. „Золотой телёнок” цяпер адзін з „доўгажыхароў” рэстараннага бізнесу.
Беларускае Радыё Рацыя