Рэжым Лукашэнкі жадае абмежаваць свабоду выбару і мабільнасць моладзі
Рэжым Лукашэнкі жадае абмежаваць свабоду выбару і мабільнасць моладзі.
Пра гэта сведчыць намер значна павялічыць тэрмін адпрацоўкі для выпускнікоў бюджэтнага аддзялення ВНУ і ўвесці адпрацоўку для тых, хто вучыўся платна, заявіла дарадца Ціханоўскай па маладзёжнай палітыцы і студэнцтве Маргарыта Ворыхава. На яе думку, гэта спроба „ўтрымаць маладых спецыялістаў унутры краіны, ігнаруючы іх уласныя жаданні і амбіцыі”. Урад, лічыць яна, замест абвінавачанняў у недастатковым узроўні аплаты навучання, павінен імкнуцца паляпшаць якасць адукацыі і прадастаўляць моладзі магчымасці для паўнацэннага развіцця.
На нарадзе ў Лукашэнкі міністр адукацыі Андрэй Іванец заявіў, што будзе ўведзена адпрацоўка па размеркаванні для выпускнікоў ВНУ, якія вучыліся платна. У сваю чаргу Лукашэнка прапанаваў павялічыць тэрмін адпрацоўкі да 5 гадоў, а для тых, хто навучаўся на падставе мэтавага накіравання, — да 7.
Беларускае Радыё Рацыя