Родныя асуджаных кажуць пра парушэнні ўмоваў утрымання



Родныя і блізкія асуджаных грамадзян Беларусі агучваюць шматлікія парушэнні ўмоваў утрымання тых, хто адбывае тэрміны зняволення ў турмах краіны.

Недахоп ежы, здзекі з боку адміністрацыі, адсутнасць медыцынскага абслугоўвання і санітарных нормаў з’яўляюцца распаўсюджанымі з’явамі для многіх установаў пенітэнцыярнай сістэмы. Гэта адмоўна адбіваецца на стане здароўя людзей, якія трапілі за краты, а звароты і скаргі на парушэнне ўмоваў утрымання застаюцца без разгляду:

– Аднаразовыя лёзы яны запалкамі плавяць ці запальнічкамі, дастаюць і так абразаюць пазногці. Калі ён паспяхова абрэзаў, значыць удала, а калі неўдала, то ў яго ўсе пальцы ў крыві. Пасылкі такога характару, як медычныя, ім не дазваляюцца, трэба каб было хранічнае захворванне. Нават вітаміны, якія шыпучыя распушчальныя, ніхто нічога не прапусціць – нам адразу кажуць. Я ў гэты раз прывезла тры пакуначкі, мне сказалі: “Дзве пакідайце недзе, адну за тры дні ён вып’е – ўсё”.

Беларусь з’яўляецца адным з лідараў па колькасці асуджаных у свеце. Паводле дадзеных незалежных экспертаў, у турмах краіны знаходзіцца больш 30 тысяч чалавек.

Парушаючы правы людзей, якія апынуліся за кратамі, Беларусь адмаўляецца выконваць ратыфікаваныя міжнародныя пагадненні.

Беларускае Радыё Рацыя, Гародня