Родныя Івашына пачалі атрымліваць лісты



Маці журналіста і палітвязня Дзяніса Івашына пасля доўгага перапынку пачала атрымліваць лісты ад сына.

І лісты пачалі даходзіць вельмі дзіўным чынам, кажа Людміла Івашына:

– Дзесьці тыдзень таму атрымалі першыя яго лісты. Дарэчы, атрымалі віншавальныя паштоўкі з Новым годам. То-бок можна лічыць, што ў нас пачаўся Новы год. Пачалі даходзіць лісты, таму што, як я разумею, справа завяршылася. Перадалі яны сваё сачыненне ў пракуратуру, пракуратура ўжо ў суд, таму і знялі арышт на карэспандэнцыю. Я так разумею, што арышт быў накладзены на прадстаўленні следчага пракурора. Таму вось зараз мы можам адносна свабодна ліставацца.

Па словах Людмілы, пасылкі і перадачы да Дзяніса даходзяць, але праблематычна:

– Асаблівых праблем няма, калі толькі не лічыць праблему, што часам даводзіцца стаяць у чарзе. Перадачу прынялі, усё ў парадку, а вось з пасылкамі, канешне, праца там не наладжана. Пасылкі могуць тыднямі ляжаць на пошце, пакуль іх забяруць.

Дзяніс Івашын – гарадзенскі журналіст,  прызнаны палітвязнем, з сакавіка 2021 года за кратамі ў турме. У сярэдзіне чэрвеня 2022 справу Дзяніса перадалі ў суд. Дата судовага пасяджэння пакуль невядомая.

Беларускае Радыё Рацыя