Родныя Пальчыса не маюць пацвярджэння таму, што ён знаходзіцца ў ЦІП на Акрэсціна



Да затрыманага грамадскага і палітычнага актывіста Эдуарда Пальчыса не можа трапіць адвакат, паведаміла яго жонка.

„Вось ужо 10 дзён Эдуард Пальчыс, паводле слоў уладаў, знаходзіцца ў ЦІП Акрэсціна, аднак пацвярджэнняў гэтаму няма, — напісала ў „Фэйсбуку” Вікторыя Пальчыс. — За ўвесь гэты час яго адвакату Марыі Колесавай-Гудзілінай ні разу не ўдалося пабачыцца і пагутарыць з ім. З тых часоў, як мы даведаліся, што Эдуард утрымліваецца на Акрэсціна, адвакат зрабіла чатыры спробы трапіць да свайго падабароннага — 1, 2, 5 і 6 кастрычніка”. Адваката, паводле інфармацыі жонкі Пальчыса, да яго „не пускаюць, спасылаючыся на каранавірус і на тое, што ўсе кабінеты занятыя”.

„Лісты ад Эдуарда таксама не даходзяць. Такім чынам, мы дагэтуль не маем пацвярджэння, што ён сапраўды знаходзіцца на Акрэсціна, і не ведаем, у якім ён там стане”, — падкрэсліла Пальчыс. Яна таксама дадала, што патрабуе рэалізацыі права свайго мужа на абарону і зносіны з адвакатам.

Пра знікненне свайго мужа Вікторыя Пальчыс паведаміла 29 верасня. „Сябры, многія з вас заўважылі, што вось ужо некалькі дзён Эдуард Пальчыс не актыўны ў сацсетках, — напісала яна ў „Фэйсбуку”. — Апошнія тыдні ён падазраваў за сабой сачэнне і меркаваў, што яго шукаюць спецслужбы. У нядзелю, 27 верасня, ён планаваў перабрацца ў больш бяспечнае месца і папярэдзіў, што нейкі час будзе без сувязі. Аднак улічваючы, што „рэжым цішыні” з яго боку зацягваецца, я вымушаная падняць трывогу”.

30 верасня Вікторыя паведаміла, што Пальчыс знаходзіцца ў цэнтры ізаляцыі правапарушальнікаў у 1-м завулку Акрэсціна. Прычына яго затрымання невядомая. 

Пальчыс уваходзіць у склад Нацыянальнага страйкавага камітэта, які быў створаны для падтрымкі рабочых, што абвясцілі забастоўку пасля прэзідэнцкіх выбараў.

belapan.by