Тром фігурантам па „справе TUT.BY” прад’яўленыя абвінавачванні
Абвінавачванні прад’яўленыя галоўнаму бухгалтару „ТУТ БАЙ медыя” Анжэле Асад, а таксама менеджару праекта TAM.BY Дар’і Данілавай, паведамляе ў Facebook сузаснавальнік TUT.BY Кірыл Валошын.
Раней стала вядома, што Юліі Чарняўскай, удаве Юрыя Зісера, таксама прад’яўленае абвінавачванне. Пра гэта напісала ў Facebook яе дачка Яўгенія.
Інфармацыі аб статусе астатніх супрацоўнікаў TUT.BY пакуль няма, бо адвакаты знаходзяцца пад падпіскай аб неразгалошванні. Калі па заканчэнні 10 сутак з моманту затрымання яны не выйдуць на волю, гэта будзе азначаць, што ім таксама прад’яўленыя абвінавачванні і абраная мера стрымання тэрмінам на два месяцы.
Дакладнай інфармацыі аб тым, якія менавіта абвінавачванні прад’яўленыя супрацоўнікам кампаніі, няма: адвакаты не могуць выдаваць гэтыя дадзеныя, а атрымаць каментар у прэс-службы Следчага камітэта не атрымалася. Аднак Камітэт дзяржкантролю 18 траўня заяўляў, што крымінальная справа заведзеная ў дачыненні да службовых асоб «ТУТ БАЙ МЕДЫЯ» па артыкуле ч. 2 арт. 243 КК Беларусі (ухіленне ад выплаты падаткаў). Гэты артыкул аднесены да катэгорыі цяжкіх злачынстваў, максімальны тэрмін утрымання пад вартай да суда можа складаць паўтара года.
Варта адзначыць, што сярод затрыманых ёсць радавыя супрацоўнікі, у прыватнасці, журналісты, якія не маюць дачынення да фінансава-гаспадарчай дзейнасці кампаніі.