Родныя змаглі сустрэцца з Палінай Шарэндай-Панасюк



Падчас спаткання Паліна сказала, што адміністрацыя Гомельскага СІЗА не дазволіла ёй паслаць да маці ліст з лекамі, дазволенымі ўрачом, расказвае муж Паліны Шарэнды-Панасюк Андрэй:

— Такая папера выдаецца, спіс лекаў, якія дазволена перадаць. Яна некалькі разоў спрабавала даслаць гэты спіс, але ліст не прапускалі. І некалькі тыдняў таму Паліна сама паспрабавала даслаць спіс для дазволу даслаць маці лістом. І зрабілі так, што пры ёй гэты ліст проста парэзалі, нібыта там была інфармацыя, якую недазволена было перадаваць.

Як сказалі родныя, Паліна выглядае кепска. У яе вялікія праблемы са здароўем. Яны справакаваны бесчалавечнымі ўмовамі месцаў яе зняволення, асабліва ў Рэчыцім ІЧУ і Рэчыцкай калоніі, дзе на яе ўвесь час ціснуць, зневажаючы яе чалавечую годнасць. Паліна перасцерагаецца, што можа не дацягнуць да вызвалення. Таму просіць дэмакратычных лідэраў, міжнародную грамадскасць зрабіць усё магчымае для яе вызвалення.

Беларускае Радыё Рацыя