Рок-музыкант Ігар Банцэр трымае сухую галадоўку дзявяты дзень
Гарадзенскі рок-музыкант Ігар Банцэр працягвае сухую галадоўку дзявятыя суткі.
Як паведаміла жонка Банцэра Анжаліка Арэхва, Ігар працягвае адмаўляцца ад ежы і вады, застаецца ў СІЗА, яго не забралі ў шпіталь. «Настроены бадзёра і рашуча. Эканоміць сілы, каб хапіла на суд», — пракаментавала Арэхва.
Банцэр рыхтуецца да пасяджэння, якое адбудзецца 12 сакавіка ў судзе Ленінскага раёна Гародні. Вядома, што Банцэру мераюць ціск, назіраюць за ім у турме.
Ігара Банцэра судзяць за тое, што дэманстраваў палавыя органы перад міліцыянтам. Пазіцыя Банцэра: гэта быў перформанс з танцам, падчас якога ён зняў шорты, але заставаўся ў стрынгах, а спераду яго прыкрывала паясная торбачка.
Банцэру пагражае да трох гадоў калоніі. Ён знаходзіцца пад вартай з 20 кастрычніка мінулага года.
Беларускае Радыё Рацыя