“Рок за жыццё” ў Берасці
Канцэрт пад назвай “Рок за жыццё” адбудзецца ў горадзе над Бугам. Мерапрыемства, якое збярэ пад адным дахам такія гурты, як „Дай дарогу!”, AKUTE, Re1ikt, :B:N:, Haina, адбудзецца ў клубе “Фантазія”. Кажа лідар гурта :B:N: Алесь Лютыч, які ад мінулага года збіраўся наведаць Берасце:
– У нас песні больш сумныя і разважлівыя. Там асабліва не паўсміхаешся. Думаем над тым, каб даехаць сюды поўным складам з канцэртам. Калі атрымаецца, то абавязкова прыедзем. Хочам па гарадах Беларусі міні-тур зрабіць.
Фестываль „Рок за жыццё”, прымеркаваны да Сусветнага дня змагання супраць смяротнага пакарання, сёлета пашырае геаграфію і пройдзе адразу ў двух гарадах Беларусі. Берасцейскі канцэрт адбудзецца 7 кастрычніка, пачатак а 18-й. Кошт квітка на мерапрыемства складзе 5,5 рублёў.
Мікола Ляшкевіч, Беларускае Радыё Рацыя, Берасце