Рост расейскай прапаганды спрычыніўся да попыту на ўкраінскае ТБ
За год падзей ва Украіне ўплыў расейскай прапаганды на беларускае грамадства меншым не стаў, як адзначае пінскі актывіст Партыі БНФ Андрэй Кахнюк. Але разам з тым заўважаны попыт на ўкраінскае тэлебачанне, якое абмежаванае ў Беларусі. Грамадзяне разумеюць, што мусіць быць альтэрнатыўная думка. Пакуль большасць беларусаў застаецца адарванай ад рэальных падзей не толькі ва Украіне, але і ў Беларусі. Усё гэта вынік расейскай прапаганды, кажа актывіст:
– Уплыў жорсткай прапагандысцкай машыны, калі ў чалавека вымываюць рэшткі самастойнага мыслення. Ідзе “ўбіццё” ў галаву: гэта добра, а гэта дрэнна; ты з намі, а ты здраднік. Пэўная адарванасць старэйшага пакалення ад доступу да рэальнай інфармацыі, а не той, якую атрымліваем праз тэлебачанне. У чалавека проста няма выбару.
Для беларусаў адзіным сродкам альтэрнатыўнай думкі застаецца інтэрнэт ды нямногія недзяржаўныя выданні краіны. Снежаньскія размовы Аляксандра Лукашэнкі з Пятром Парашэнкам пра стварэнне агульнага беларуска-ўкраінскага тэлебачання не знайшлі практычнай рэалізацыі.
Пятро Савіч, Беларускае Радыё Рацыя
Фота ria.ru