Роварны рэйд: Гародня – Белавежская пушча



З Гародні стартаваў роварны рэйд да Белавежскай пушчы ў рамках кампаніі Bike4SDGs. Гэта праект Асамблеі Аб’яднаных Нацый, які скіраваны на падтрымку роўных магчымасцяў людзей і абароны лясоў.

Таму 300 кіламетраў за пяць дзён праедуць раварысты з рознымі фізічнымі магчымасцямі, да таго ж аўтадарогамі, якія цяжка назваць прыдатнымі для язды роварам без суправаджэння ДАІ. Магчыма такі рэйд дасць дадатковыя імпульсы для стварэння мясцовымі ўладамі інфраструктуры для раварыстаў на дарозе Гародня – Белавежская Пушча.

Кажа Аляксей Частадарскі, кіраўнік піяр-аддзелу праграмы развіцця ААН у Беларусі:

– Задача прабегу не толькі паказаць прыгажосць нашай прыроды, нашай пушчы, а таксама паказаць экатурыстычны патэнцыял, у тым ліку паказаць тое, дзе трэба яшчэ папрацаваць, таму што пушча – гэта ўнікальны прыродны помнік, які вабіць многіх замежных турыстаў, але не ўсе могуць быць задаволенымі, бо існуе праблема з інфраструктурай і сервісам. Таму ў нашым велапрабегу ўдзельнічае і вялікая колькасць замежных гасцей – перадусім вялікая група польскіх раварыстаў.

На думку Аляксея Частадарскага, арганізатары хацелі б паказаць, як зрабіць Белавежскую пушчы прываблівым аб’ектам для экалагічнага турызму.

 

На рэйдзе прымаюць удзел людзі з інваліднасцю розных формаў. Яны будуць далучацца да рэйду на розных яго этапах. Аляксей Частадарскі прадставіў аднаго з удзельнікаў, які ўжо едзе ў рэйдзе другі раз.

– З намі едзе Андрэй са Шчучына, ён ужо другі год удзельнічае ў нашым велапрабегу. Гэта чалавек сапраўды ўнікальны. Таму што ў яго выдатныя матэматычныя здольнасці, ён выдатны логік і стратэг. З прычыны сваіх асаблівасцяў, ён не вельмі камунікабельны. Таму гэта прыклад, як людзі з інваліднасцю, не толькі з фізічнай, але і з разумовай, актыўна прымаюць удзел у нашым велапрабегу і ўносяць свой уклад у стварэнне сапраўднай унікальнай з’явы.

Гэта ўжо трэці рэйд на раварах Bike4SDGs, які арганізуецца ў Беларусі. Фінішам яго будзе Белавежская пушча. Плануецца, што ўдзел на розных этапах прымуць 300 раварыстаў.

[Not a valid template]

Якуб Сушчынскі, Беларускае Радыё Рацыя

Фота аўтара