РПЦ спыняе свой удзел у структурах Канстанцінопальскага патрыярхату



14 верасня на пазачарговым Сінодзе Рускай праваслаўнай царквы (РПЦ) у Маскве прынятае рашэнне спыніць удзел РПЦ у структурах, звязаных з Канстанцінопальскім патрыярхам. Пра гэта паведаміла агенцтва „РИА Новости”.

Сінод таксама пастанавіў прыпыніць супольнае служэнне прадстаўнікоў РПЦ з іерархамі Канстанцінопальскага патрыярхату. Акрамя таго, у час набажэнстваў у РПЦ адмовяцца ад узгадвання Усяленскага патрыярха Варфаламея.

Удзельнікі маскоўскага Сінода таксама выступілі з ініцыятывай сабраць усеправаслаўны сабор для абмеркавання магчымага прадастаўлення аўтакефаліі праваслаўнай царкве, паведаміў кіраўнік аддзелу знешніх царкоўных сувязяў РПЦ мітрапаліт Валакаламскі Іларыён.

Напомнім, што 2 верасня Архіерэйскі сабор прыняў рашэнне, што Канстанцінопальскі патрыярхат можа прадастаўляць аўтакефалію без узгадненняў з іншымі цэрквамі.

7 верасня ў рамках рыхтоўлі да прадастаўлення аўтакефаліі праваслаўнай царкве Ўкраіны Усяленскі патрыярхат прызначыў сваімі экзархамі ў Кіеве архіепіскапа Данііла Памфілійскага з ЗША і епіскапа Іларыёна Эдмантанскага з Канады.

Дзеянні канстанцінопальскага патрыярха Варфаламея па прызначэнні прадстаўнікоў ва Ўкраіне ў РПЦ расцанілі як „грубае ўварванне” на сваю кананічную тэрыторыю і паабяцалі, што яны „не застануцца без адказу”.

Беларускае Радыё Рацыя