Рух “Разам” заклікае ўшанаваць памяць Рут Уолер
Ёй яшчэ не споўнілася 25 гадоў, калі яна ахвяравала жыццём, каб уратаваць ад смерці трох беларускіх дзяцей, якія танулі ў Свіслачы. Гэта здарылася ў Менску роўна 70 гадоў таму. Актывісты Руху салідарнасці “Разам” заклікалі беларусаў прыйсці на магілу Рут Уолер на Вайсковых могілках, каб ушанаваць памяць гэтай выдатнай дачкі амерыканскай нацыі.
Расказвае арганізатарка акцыі – сустаршыня Руху “Разам” Алена Талстая:
– Рут Уолер была патрыётка. Яе патрыятызм ёсць прыкладам для нас. Прыкладам самаахвярнасці. Прыкладам мужнасці. Прыкладам таго, як чалавек мае духоўную моц дапамагаць іншым, несці дапамогу дзякучы тым сілам, якімі сілкуецца на сваёй роднай зямлі. Яна была годнай той місіі, якую несла, яна была годная свайго сцяга. І для нас таксама важна быць годнымі свайго сцяга. Натхняцца патрыятызмам. І разумець адказнасць перад сваёй бацькаўшчынай за ўсё, што мы робім. Адчуваць сябе пасламі сваёй місіі ў любым месцы і пры любой працы.
Рут Уолер працавала ў місіі ЮНРРА ў пасляваенным Менску. Арганізацыя пастаўляла ў Беларусь гуманітарную дапамогу: харчы, медыкаменты, адзенне, будаўнічую тэхніку. Тая дапамога ЗША нашай краіне дазволіла ўратаваць сотні тысяч жыццяў беларусаў ад галоднае смерці.
Максім Каўняровіч, Беларускае Радыё Рацыя.