Рух салідарнасці “Разам” пачаў рыхтавацца да свайго 4-га з’езду
Рух салідарнасці “Разам” на сваім сойме пастанавіў правесці 4-ы з’езд арганізацыі. Ужо створана рабочая група па правядзенні з’езду і фармуецца спіс пытанняў, якія неабходна асвятліць.
У прыватнасці, Рух збіраецца ўдакладніць свае мэты, – заявіў прадстаўнік арганізацыі Вячаслаў Сіўчык.
– Прынята рашэнне аб правядзенні чацвёртага з’езду нашай арганізацыі, які адбудзецца 22 верасня. Створана рабочая група з 19 чалавек. Абраны кіраўнік гэтай рабочай групы – сустаршыня Руху салідарнасці “Разам” Алена Талстая. Група складаецца ў асноўным з менчукоў. Яна будзе вырашаць усе пытанні па з’езду да наступнага сойму, які мусіць зацвердзіць і месца правядзення з’езду, і парадак дня.
Сярод пытанняў, якія абавязкова будуць вынесеныя на з’езд, – супрацьстаянне так званаму “рускаму свету”, салідарнасць з палітзняволенымі, патрабаванне акрэдытацыі для Радыё Рацыя і тэлеканалу Белсат на тэрыторыі Беларусі і ўшанаванне памяці ахвяр сталінскіх рэпрэсій у Курапатах.
Кастусь Багушэвіч, Беларускае Радыё Рацыя