Рух салідарнасці „Разам” патрабуе спыніць рэпрэсіі супраць незалежных прафсаюзаў
Рух салідарнасці „Разам” патрабуе спыніць рэпрэсіі супраць незалежных прафсаюзаў, неадкладна вызваліць актывіста прафсаюза РЭП Ігара Комліка і закрыць крымінальную справу.
„Звяртаем увагу на тое, што незаконныя і брутальныя дзеянні сілавых структураў рэжыму Лукашэнкі супраць незалежных прафсаюзаў адбываюцца за паўтара месяца да пачатку беларуска-расейскіх вайсковых вучэнняў „Захад-2017″ і выглядаюць спробай зачысткі беларускай грамадзянскай супольнасці, каб нейтралізаваць мірныя пратэстныя акцыі”, — адзначаецца ў заяве.
„Разам” заклікае беларускую і міжнародную грамадскасць да кампаніі салідарнасці з незалежным прафсаюзным рухам Беларусі.
Кажа лідар руху салідарнасці „Разам” Вячаслаў Сіўчык:
— Гэтая заява не толькі ў абарону актывістаў незалежнага прафсаюзнага руху, якім сёння пагражае крыміналка, офісы арганізацый якіх зараз не могуць функцыянаваць. Гэтая заява зроблена яшчэ і дзеля таго, каб прадухіліць далейшыя рэцэсіі, галоўную прычыну якіх мы бачым менавіта ў геапалітычным фактары. А менавіта, у тым уплыве, які Расея мае на Беларусь.
Таксама Вячаслаў Сіўчык адзначыў, што параўнанне спраў Алеся Бяляцкага з распачатай справай у дачыненні да незалежных прафсаюзаў не з’яўляецца карэктным. «Нягледзячы на знешнее падабенства гэтых спраў, падчас справы Алеся Бяляцкага была іншая геапалітычная сітуацыя, пагроза з боку Расеі не стаяла так востра», — каментуе актывіст.
Рух „Разам” таксама заклікаў беларускую і міжнародную грамадскасць далучыцца да кампаніі салідарнасці з незалежным прафсаюзным рухам Беларусі.
Раней з заявай у падтрымку незалежных прафсаюзаў выступілі прадстаўнікі Беларускага нацыянальнага кангрэса.
Камітэт дзяржаўнага кантролю (КДК) пачаў крымінальную справу ў дачыненні да старшыні незалежнага прафсаюза РЭП Генадзя Фядыніча і галоўнага бухгалтара арганізацыі Ігара Комліка па фактах ухілення ад выплаты падаткаў. Яны абвінавачваюцца ў тым, што ў „мэтах асабістага ўзбагачэння адкрылі ад імя прафсаюза рахункі ў замежных банках, на якія пастаянна паступалі буйныя сумы грашовых сродкаў (гаворка ідзе пра сотні тысяч долараў ЗША)”.
Фядыніч і Комлік былі затрыманыя 2 жніўня і дастаўленыя на допыт у КДК. Фядыніча пасля допыту адпусцілі, Комлік адпраўлены ў Цэнтр ізаляцыі правапарушальнікаў на вуліцы Акрэсціна.
***
ЗАЯВА
Руху Салідарнасці “Разам”
“ПАТРАБУЕМ СПЫНІЦЬ РЭПРЭСІІ
СУПРАЦЬ НЕЗАЛЕЖНЫХ ПРАФСАЮЗАЎ”
Рух Салідарнасці “Разам” падтрымлівае заяву Рады Беларускага Нацыянальнага Кангрэсу ад 02.08.2017 г. “Патрабуем вызваліць прафсаюзных лідараў!”
У той жа час мы звяртаем увагу на тое, што незаконныя і брутальныя дзеянні сілавых структураў рэжыму Лукашэнкі супраць незалежных прафсаюзаў адбываюцца за паўтара месяца да пачатку беларуска-расейскіх вайсковых вучэнняў “Захад-2017” і выглядаюць спробай зачысткі беларускай грамадзянскай супольнасці, каб нейтралізаваць мірныя пратэстныя акцыі.
Нагадаем, што 8 верасня, у Дзень Беларускай Вайсковай Славы, а 18-й гадзіне на Кастрычніцкай плошчы г. Менску пачнецца Акцыя папярэджання магчымай агрэсіі, якая можа паламаць усе пуцінска-лукашэнкаўскія планы, бо абсалютная большасць грамадзянаў Беларусі катэгарычна супраць уцягвання нашай краіны ў расейскія вайсковыя авантуры.
З’яўленне у ліпені 2017 г. у Беларусі расейскага вайсковага кантынгенту, колькасць якога невядомая, а мэты знаходжання – непраўдападобныя, не атрымала належнага каментара ад беларускай і міжнароднай супольнасці. Учорашнія рэпрэсіі супраць незалежных прафсаюзаў мусяць дапамагчы зразумець небяспеку для Беларусі і Еўропы пуцінска-лукашысцкіх вайсковых захадаў.
Мы патрабуем:
– Спыніць рэпрэсіі супраць незалежных прафсаюзаў;
– Неадкладна вызваліць актывіста РЭП Ігара Комліка і спыніць крымінальную справу.
Заклікаем беларускую і міжнародную грамадскасць да кампаніі салідарнасці з незалежным прафсаюзным рухам Беларусі.
Свабоду палітвязням!
Жыве Беларусь!
03.08.2017 г.
Менск