Рух Салідарнасці „Разам” ушанаваў ахвяраў нацызму
Сябры Руху Салідарнасці „Разам” прыйшлі да мемарыяла „Яма”, каб ускласці кветкі і запаліць знічкі ў памяць ахвяраў нацызму. 74 гады таму было знішчана Менскае гета.
„Будзем памятаць, што „фабрыка знішчэння” Трасцянец працавала і да прыходу нямецкага нацызму. Ямы запаўнялі савецкія камісары”, – адзначае сябра руху Алена Талстая:
– 21-га кастрычніка 1943 года было знішчана Менскае гета. У мяне асабіста гэта звязана з гісторыяй маёй сям’і – сям’я маёй бабулі жыла на тэрыторыі гета. На жаль фабрыкі знішчэння існавалі да прыходу нацыстаў і напоўніцу працавалі пры савецкай уладзе, дзе знішчаліся беларусы. Ямы да прыхода немцаў ужо былі поўныя.
Мемарыял „Яма” ўяўляе сабой даволі глыбокую яму, выкладзеную плітамі. На дне ямы ўсталяваны абеліск з чорнага граніту. Да яго вядуць 17 прыступак. На абеліску на расейскай і ідышы напісана: „… Светлая памяць на светлыя часы пяці тысячам габрэяў, якія загінулі ад рук заклятых ворагаў чалавецтва — нямецка-фашысцкіх катаў”.
На гэтым месцы 2-га сакавіка 1942 года фашыстамі было расстраляна каля 5 тысяч вязняў Менскага гета. Гранітны абеліск у памяць пра страшную трагедыю менскага і сусветнага габрэйства быў усталяваны яшчэ ў 1947 годзе.
Улад Грынеўскі, Беларускае Радыё Рацыя
Фота facebook.com/alena.talstaya.1