Рух Салідарнасці „Разам” запрашае на акцыю памяці ў Курапаты
Рух Салідарнасці „Разам” запрашае на традыцыйную акцыю ўшанавання памяці ахвяраў камунізму. Пачынаючы з 2007 году, штомесяц 29 чысла актывісты наведваюць Курапаты.
„Гэта сімвалічнае месца, дзякуючы якому пра трагедыю камуністычных рэпрэсій у Беларусі ведае увесь свет”, – кажа сябра аргкамітэту Руху Салідарнасці «Разам» Вячаслаў Сіўчык:
– Гэтыя акцыі робяцца ўсё больш і больш важнымі яшчэ па той прычыне, што кожны год усё менш сведак тых камуністычных злачынстваў. Мы не можам па архівах акупантаў мець тую карціну, што адбывалася на нашай зямлі. Гэта вельмі кепска. І вельмі кепска, што ўжо навейшыя падзеі ва Усходняй Еўропе паказваюць, што калі хтосьці не асэнсаваў, што адбывалася на нашай зямлі пры панаванні камуністаў, то гэта можа быць пагроза не толькі для нас, сучаснікаў, але і для будучых пакаленняў.
Мерапрыемства адбудзецца ў традыцыйным фармаце 29-га верасня. Пачатак а 18-й гадзіне.
Зміцер Косцін, Беларускае Радыё Рацыя