Рух, які прывёў Беларусь да незалежнасці
22 снежня а 18-й гадзіне ў Менску ў Траецкім прадмесці ў кнігарні “Галіяфы” адкрыецца выстава, прысвечаная 30-годдзю моладзевай арганізацыі “Талака”. Пра мерапрыемства расказвае Паліна Сцепаненка – арганізатарка гэтай выставы.
РР: Чаму варта прыгадваць той час, тыя памкненні беларускай моладзі другой паловы 80-х. Чаму варта пра гэта памятаць
Паліна Сцепаненка: Гэта была хваля беларускага адраджэння, якую пачала моладзь фактычна ва ўсіх гарадах Беларусі. І гэта быў той рух, які прывёў Беларусь да незалежнасці. Але цяпер пра гэта мала згадваюць. А між тым у тыя 5 гадоў – паміж 1985-1990 – адбываліся з’явы, якія, на жаль, яшчэ не апісаныя. Але людзі сыходзяць, і памяць пра гэтыя падзеі памірае разам з імі. І гэта дае магчымасць праўладным гісторыкам для маніпулявання памяццю, для маргіналізацыі таго часу. І вельмі важна нам, людзям, якія ўдзельнічалі ў тых працэсах, захаваць і правільна асэнсаваць тыя з’явы.
Зараз, на жаль, той час не папулярны. Крамлёўская прапаганда вядзе нас да саветызацыі. Цяпер ідзе настальгія па Савецкім Саюзе, яго ідэалізацыя. Сёняшняя моладзь на гэта лёгка вядзецца, бо працуе вялікі прапагандысцкі апарат.
РР: Тры гады таму пайшоў з жыцця старшыня “Талакі” Сяржук Вітушка. Ён арганізоўваў народныя святы. З таго, відаць, і пачалася “Талака” – з пошукаў сваіх каранёў. А калі яна перафарматавалася ў шырэйшы рух?
Паліна Сцепаненка: У канцы 1988 года сталі стварацца суполкі падтрымкі Беларускага Народнага Фронту. Больш актыўная частка увайшла ў гэтыя супокі і стварыла аснову для больш шырокага руху з палітычнымі мэтамі, які вёў краіну да незалежнасці.
Лічыцца, што “Талака” існавала да 1989 года, але я б сказала, што апошняе “талакоўскае” Купалле было ў 1991 годзе пад Полацкам. Пасля якога шмат людзей з’ехала ў Амерыку.
РР: “Талакоўцам” першымі прыйшлося сутыкнуцца з рэпрэсіўным апаратам улады.
Паліна Сцепаненка: Калі я запісвала ў 2008 годзе ўспаміны Сяржука Вітушкі, я запыталася яго пра страх. Бо тады людзі супрацьстаялі вялікай сістэме Савецкага Саюза, і рэпрэсіі маглі б быць вельмі страшнымі. Ён сказаў, што страху не было, а было адчуванне, што яны не робяць нічога кепскага, а ідуць да людзей. Сам ён не баяўся.
Перад выставай я сустракалася з былымі “талакоўцамі”. Марына Сідаровіч сказала, што цяперашнія маладыя людзі больш гнуткія, яны ж былі бескампраміснымі.
РР: 22 снежня адкрываецца выстава, што там можна будзе паглядзець, з кім сустрэцца?
Паліна Сцепаненка: Будуць паказаныя 100 фатаздымкаў з архіву Уладзіміра Сапагова. Гэта вядомая ў “талакоўскіх” колах постаць. Калі мы яго хацелі адшукаць, аказалася, што ён тры гады як памёр. Фактычна ягоная смерць прайшла незаўважанай. Лёс яго трагічны. “Талака” і сябры – гэта была ягоная сям’я.
На вечарныне будзе спяваць Кася Камоцкая, прыйдуць людзі, якія ўдзельнічалі ў тагачасным грамадскім руху. Спадзяюся, што прыйдзе моладзь і людзі, якім гэта цікава. Весці мерапрыемства будзе паэт Міхась Скобла – ён актыўны ўдзельнік нацыянальна арыентаванага руху таго часу “Тутэйшых”. Трэба адзначыць, што ў наступным годзе ідзе 30-годдзе “Тутэйшых” – моладзевага літаратурнага аб’яднання. Менавіта яны былі заяўнікамі першага мітынгу “Дзяды” у 1988 годзе, які меў вялікае значэнне не толькі для Беларусі, але і для ўсяго СССР.
РР: Чым будзе займацца новаствораны Цэнтр даследаванняў грамадзянскай супольнасці Беларусі, які і ладзіць гэтую выставу?
Паліна Сцепаненка: Цэнтр будзе адсочваць лёсы ўдзельнікаў руху, збіраць архівы, імкнуцца захаваць тое, што страчваецца. Будзем пераводзіць архівы ў лічбавы фармат і фактычна вяртаць людзям. Людзі сыходзяць, вельмі важна занатаваць успаміны. Зрабіць асэнсаванне, каб гэта засталося, стала гісторыяй.
Важным крокам да гэтага стане вечарына, прысвечаная 30-годдзю “Талакі”.
Гутарыў Мікола Ваўранюк, Беларускае Радыё Рацыя