Рух „За Свабоду” патрабуе спыніць пераслед блогера Пятрухіна



Праваабаронча-асветніцкае грамадскае аб’яднанне „Рух „За Свабоду” патрабуе спыніць пераслед берасцейскага відэаблогера Сяргея Пятрухіна, а таксама іншых блогераў і актывістаў, якім могуць пагражаць крымінальныя справы за адстойванне свабоды слова. Пра гэта гаворыцца ў заяве, распаўсюджанай прэс-службай арганізацыі.

„За Свабоду” звяртае ўвагу, што Пятрухін вядомы барацьбой з карупцыяй, асвятленнем пратэстаў і іншымі гучнымі сюжэтамі ў youtube-праекце „Народны рэпарцёр”. За сваю дзейнасць блогер неаднаразова быў пакараны судамі. У апошні час націск на Пятрухіна з боку ўладаў узрос за яго актыўную пазіцыю супраць будаўніцтва акумулятарнага завода пад Брэстам.

11 мая суд Ленінскага раёна Берасця прызнаў Пятрухіна і другога блогера youtube-праекта „Народны рэпарцёр” Аляксандра Кабанава вінаватымі па ч. 3 арт. 23.34 КоАП і аштрафаваў на 50 базавых велічынь (1.225 рублёў) кожнага. Збор подпісаў пад калектыўным зваротам за адстаўку брэсцкіх чыноўнікаў — кіраўнікоў абласнога, раённага і гарадскога выканкамаў суд палічыў несанкцыянаваным масавым мерапрыемствам.

12 мая супрацоўнікі міліцыі ў ходзе агляду кватэры Пятрухіна канфіскавалі ў яго ўсю аргтэхніку: ноўтбук, планшэт, смартфон і фотаапарат. Агляд праводзіўся ў рамках праверкі заявы пра тое, што Пятрухін распаўсюдзіў у інтэрнэце паклёпніцкія звесткі ў дачыненні да супрацоўнікаў міліцыі.

Рух „За Свабоду” лічыць такія дзеянні чарговым наступам на свабоду слова з боку беларускіх улад. „Мы патрабуем неадкладна спыніць пераслед відэаблогера, вярнуць яму ўсю неабходную для працы тэхніку і адмовіцца ад такой практыкі ў будучыні. Мы лічым непрымальнымі спробы перашкод працы блогераў і пагрозы іх судовага пераследу”, — падкрэсліваюць аўтары заявы.

Арганізацыя нагадвае пра справы Паўла Спірына і Сцяпана Святлова, якім пагражае пераслед па крымінальным артыкуле аб абразе прэзідэнта.

„Мы лічым, што ўсе справы па гэтым артыкуле павінны быць спыненыя, а сам артыкул адменены як неадпаведны дэмакратычным нормам заканадаўства”, — адзначылі ў арганізацыі.

Аўтары заявы „заклікаюць беларускае грамадства да салідарнасці з тымі, хто ў нялёгкіх умовах адстойвае права на праўду”.

belapan.by