Рух „За Свабоду” супраць ушчыльнення ў цэнтры Менска
Прадстаўнікі Руху „За Свабоду” і грамадскія актывісты падалі тры заявы ў Генеральную пракуратуру Беларусі наконт ушчыльнення ў Менску. Па словах старшыні Руху Юрася Губарэвіча, падставай для гэтага сталі вынікі грамадскага абмеркавання па праблемах ушчыльнення забудовы ў кварталах Першамайскага райну паміж вуліцамі Коласа, Чарнышэўскага і Чорнага. Яно цягнулася амаль месяц і выклікала вялікую цікавасць сярод жыхароў раёну.
– Было сабрана больш за 1200 подпісаў супраць планаў узвядзення новабудоўлі, паркінгаў, жылога дома, цэнтру вольнага часу з незразумелым фарматам і прызначэннем. Людзі былі абураныя. Бо гэтыя планы будаўніцтва маюць на ўвазе знішчэнне зялёных насаджэнняў, якіх і так не хапае па нормах, павелічэнне патока аўтамабіляў. І не толькі зыходзячы з бытавых меркаванняў, а нават зыходзячы з існуючых нормаў, якія ёсць адносна будаўніцтва, мы знайшлі вельмі шмат парушэнняў.
Грамадскае абмеркаванне ў Першамайскім райвыканкаме адбывалася фактычна без удзелу прадстаўнікоў ад грамадзянаў. З трох вылучэнцаў ад вялікага сходу, у якім удзельнічала некалькі соцень чалавек, улады ўключылі для ўдзелу у камісіі па абмеркаванні пытанняў ўшчыльнення толькі адну прадстаўніцу сходу. „Вось на гэтае і на іншыя парушэнні мы і звяртаем увагу пракуратуры. Мы просім правесці праверку і пры неабходнасці завесці крымінальную справу. А таксама адмяніць вынікі так званага грамадскага абмеркавання, якое пастанавіла перадаць для зацвярджэння спрэчны план ушчыльнення,” – падкрэсліў Юрась Губарэвіч.
Цалкам матэрыял у далучаным файле:
Беларускае Радыё Рацыя, Менск