Рух „За Свабоду” заклікае ўлады далучыцца да святкавання 100-годдзя БНР



Рух „За Свабоду” заклікае ўлады далучыцца да святкавання 100-годдзя Беларускай Народнай Рэспублікі.

„Сёлета 25 сакавіка адзначаецца 100-годдзе абвяшчэння БНР. Значэнне гэтай даты цяжка пераацаніць, бо БНР заклала асновы беларускай дзяржаўнасці, без яе не было б і сённяшняй незалежнай краіны”, — гаворыцца ў звароце арганізацыі.

Зварот за подпісам старшыні руху Юрася Губарэвіча будзе накіраваны ў Менгарвыканкам і Адміністрацыю прэзідэнта, паведамляе прэс-служба „За Свабоду”.

Юбілей, паводле слоў палітыка, будзе адзначаны шэрагам мерапрыемстваў, „але ключавым момантам святкавання можа стаць шэсце, якое павінна быць мірным і ўрачыстым”.

Дзеля „грамадскага кансэнсусу” рух „За Свабоду” заклікае Менгарвыканкам „падтрымаць маршрут святочнага шэсця адпаведна пададзенай заяўцы і даць на яго дазвол не пазней за 25 лютага”, сілавікоў — „гарантаваць удзельнікам асабістую бяспеку падчас мірнай дэманстрацыі, прадстаўнікоў органаў дзяржаўнага кіравання — далучыцца да арганізацыі і ўдзелу ў святочных мерапрыемствах „.

Заяўка на правядзенне вулічнай акцыі была пададзеная ў Менгарвыканкам 25 студзеня. Яе падпісалі прадстаўнікі 13 партый і арганізацый, што ўваходзяць у аргкамітэт па правядзенні акцыі (Партыя БНФ, аргкамітэт па стварэнні партыі „Беларуская хрысціянская дэмакратыя”, Аб’яднаная грамадзянская партыя, рух „За Свабоду”, рух салідарнасці „Разам”, Беларуская сацыял-дэмакратычная Грамада, Беларуская сацыял-дэмакратычная партыя (Грамада), аргкамітэт па стварэнні Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Народная Грамада), аргкамітэт партыі „Беларускі рух”, ініцыятыва „Дзея”, прафсаюз РЭП, рух „За незалежнасць і дзяржаўнасць”, кампанія „Еўрапейская Беларусь”).

Актывісты апазіцыі просяць Мінгарвыканкам дазволіць не толькі традыцыйную дэманстрацыю і мітынг, але і канцэрт у цэнтры горада.

Дзень Волі адзначае дэмакратычная грамадскасць Беларусі, афіцыйна гэтага свята ў краіне няма.

Незалежнасць БНР была абвешчаная ў ноч на 25 сакавіка 1918 года. Урад БНР прыкладаў шмат намаганняў для арганізацыі нацыянальных інстытутаў. Была прынятая пастанова аб дзяржаўным статусе беларускай мовы, адкрываліся беларускія школы і гімназіі, культурна-асветніцкія таварыствы і тэатры, працавалі выдавецтвы, выходзілі беларускія газеты, вялася праца па адкрыцці ў Мінску Беларускага ўніверсітэта. З’явіўся пашпарт грамадзяніна БНР, у тым ліку дыпламатычны, была ўзаконеная дзяржаўная сімволіка — бел-чырвона-белы сцяг і герб „Пагоня”. У шэрагу краін Еўропы адкрыліся дыппрадстаўніцтвы БНР.

Аднак з-за складанага ваенна-палітычнага становішча Рада БНР не здолела рэалізаваць ідэю дзяржаўнага суверэнітэту краіны — яна аказалася не абароненай перад расійскімі бальшавікамі і польскімі войскамі. У снежні 1918 года ўрад БНР быў вымушаны пераехаць у Вільню, затым у Гародню.

Многія гісторыкі лічаць, што менавіта перыяд БНР стаў першым этапам дзяржаўнага станаўлення беларускай нацыі.

belapan.by