Рух „За Свабоду” збірае подпісы за адмену параду
Збор подпісаў далей працягваецца, хоць ніякай рэакцыі ўладаў няма. Раней рух «За Свабоду» перадаў у Савет міністраў, Палату прадстаўнікоў і Адміністрацыю прэзідэнта петыцыю з патрабаваннем адмены ваеннага парада 9 траўня і перанакіравання сродкаў, што вызваляцца, на закупку апаратаў штучнай вентыляцыі лёгкіх.
Пад петыцыяй, якую падрыхтавалі сябры Руху «За Свабоду», збор подпісаў трывае з 4 красавіка. Паведаміла сябра Руху «За свабоду» Вольга Быкоўская:
– Збор подпісаў працягваецца, бо мы лічым, што ў такой сітуацыі нашмат больш важна набыць апараты для штучнай вентыляцыі лёгкіх, а не выдаткоўваць грошы на парад. Гэта шмат грошаў для бюджэта, але ён сам па сабе небяспечны, бо шмат людзей захварэла ў войску. Мы за тое, каб яго не праводзіць, а выдаткаваць ашчаджаныя грошы на набыццё апаратаў штучнай вентыляцыі лёгкіх, масак і ўсяго, чаго не хапае беларускай медыцыне.
«Па прыкладных ацэнках, адзін парад абыходзіцца ў суму ад 2 мільёнаў даляраў. Гэта кошт 100-150 апаратаў для ШВЛ (штучнай вентыляцыі лёгкіх), якія могуць спатрэбіцца ў выпадку росту захворванняў, выкліканых каронавірусам. Або 1,5 мільёна масак: у аптэках іх не знайсці, хоць улады рапартуюць, што ўсяго хапае», — адзначаюць у петыцыі прадстаўнікі руху «За Свабоду».
Беларускае Радыё Рацыя, Менск