Русіфікацыя віцебскай “Бульбяной” 



Кавярня “Бульбяная” ў цэнтры Віцебска – найстарэйшая ўстанова грамадскага харчавання  з нацыянальнай кухняй. Яна з’явілася на скрыжаванні вуліц Леніна і Замкавай яшчэ ў 1962-м годзе і з тае пары не мяняла назву і профіль: наведнікі  тут маглі падсілкавацца разнастайнымі стравамі з бульбы. 

Праўда, апошнім часам у кавярні ўжо не гатавалі – яна стала структурнай адзінкай  ААТ “Вітміл”,  і сюды прывозілі гатовыя стравы. А некалькі дзён таму побач з назовам “Бульбяная”  з’явіўся яшчэ адзін, расейскамоўны і шаблонны  – “Время есть”.

Ці азначае гэта перайменаванне ўстановы, работнікі кавярні  патлумачыць не могуць. Пакуль кавярня працуе з ранейшым асартыментам страваў і нязменным інтэр’ерам – рушнікамі на сценах, драўлянай мэбляй у народным стылі і гэтак далей. Аднак новы надпіс над уваходам  спляжыў яшчэ адну беларускую гарадскую адметнасць: кавярня “Бульбяная” знаходзіцца ў самым цэнтры Віцебска, і яна заўсёды ўносіла хоць частачку нацыянальнага каларыту  ў пераважна расейскамоўны шэраг назваў тутэйшых  аб’ектаў.

 Ганна Ліпка, Беларускае Радыё Рацыя