Рыбныя кансервы… з чарвякамі!
У гомельскіх крамах знайшлі расейскія кансервы з чарвякамі. Небяспечная прадукцыя была вырабленая ў Мурманску. Праверкі Дзяржстандарта выявілі небяспечныя для здароўя прадукты ў гомельскіх крамах. Патрабаванням ДАСТ не адпавядалі рыбныя кансервы „Печань траскі” гандлёвай маркі „Рыбоведовъ”, вырабленыя ў Мурманску. Ва ўзятых на лабараторны аналіз кансервах эксперты выявілі нежыццяздольных чарвякоў, згорнутых у спіралі, а таксама іх лічынкі. Ступень паражэння прадукта гельмінтамі склала 68%, піша „Гомельская праўда”.
Выявіліся і іншыя парушэнні ў мурманскіх морапрадуктах. У ліку прэтэнзій — старонні пах акісленага тлушчу, нераўнамерны колер кавалачкаў печані, якія месцамі набылі зялёнае адценне.
Дзяржстандарт забараніў таварыству з абмежаванай адказнасцю „Еўрагандаль” і прыватнаму прадпрыемству „Формула МК” увозіць і рэалізоўваць на тэрыторыі Беларусі гэтыя рыбныя кансервы. За выпуск і рэалізацыю названай прадукцыі вінаватыя суб’екты гаспадарання прыцягнутыя да адміністрацыйнай адказнасці.
Беларускае Радыё Рацыя
Фота moyareklama.by