Рыгор Астапеня: Агульных стандартаў у жыхароў Беларусі і Данбасу – няма



За апошні год насельніцтва Беларусі павялічылася на сто тысяч за кошт уцекачоў з Данбасу, такія дадзеныя прыводзіць Арганізацыя Аб’яднаных Нацыяў.

Рыгор Астапеня

Аналітык цэнтру Астрагорскага Рыгор Астапеня ў інтэрнэт-выданні Belarus Digest прааналізаваў змены ў мігранцкіх патоках у Беларусь.

Як Беларусь радзіць з хваляй мігрантаў і наколькі верагодна, што насельніцтва Беларусі павялічылася за год на адзін адсотак, гутарым з Рыгорам Астапеням.

Рыгор Астапеня: ААН кажа пра 100 тысяч чалавек, якія прыехалі з Украіны ў Беларусь, але на практыцы гэтая лічба можа быць, як большая, так і меншая, бо міністр унутраных справаў спадар Шуневіч сказаў, што “адток людзей”, ёсць – 20-30 тысяч чалавек з’ехала назад. Ці ўлічваюць гэтыя дадзеныя ААН? Праўдападобна, што – не.

РР: Беларусь не падрыхтаваная для таго, каб прымаць уцекачоў у вялікай колькасці.

Рыгор Астапеня: Ніводная краіна ў свеце не падрыхтаваная да таго, што яе насельніцтва можа вырасці за паўгады на 1 працэнт. А Беларусь – асабліва, бо ў Беларусі няма інфраструктуры для ўцекачоў, няма эканамічных магчымасцяў, каб забяспечваць іх на пэўным перыядзе – даваць ім сацыяльныя выплаты, уладкоўваць дзяцей у школы і гэтак далей. Таму Беларусь сутыкаецца з вельмі звычайнай праблемай для краіны, якая так хутка прымае такую вялікую колькасць людзей, – проста не мае такой эканамічнай магчымасці, каб прыняць такую колькасць людзей.

РР: Першапачаткова, калі прыехалі ўцекачы, панавала пазітыўнае ўспрыняцце: вось яны, рабочыя рукі, якіх не стае ў нас у сельскай гаспадарцы. Што змянілася? Што змушае цяпер чыноўнікаў больш прахалодна выказвацца пра ўцекачоў?

Рыгор Астапеня: Змяніліся эканамічныя ўмовы ў Беларусі, вырасла беспрацоўе, а даводзіцца ўладкоўваць яшчэ вялікую колькасць мігрантаў. А ёсць разуменне, што іх трэба ўладкоўваць. Ёсць пэўная праблема з ментальнасцю. Паводле супрацоўнікаў міліцыі, мігрантам трэба тлумачыць, што дарогу трэба пераходзіць па светлафору.

РР: На прыкладзе еўрапейскіх краінаў, дзе вядзецца шырокая дыскусія адносна ўцекачоў з Афрыкі і Бліжняга Усходу. Адно з асноўных пытанняў – ментальнасць. Вы тут кажаце пра ментальнасць “рускага міру”.

Рыгор Астапеня: Нават Аляксандр Рыгоравіч сказаў, што “рускі мір” не існуе. Агульных стандартаў у жыхароў Беларусі і Данбасу – няма. Мы ментальна адрозніваемся.

За амаль паўтары гады расейска-ўкраінскага канфлікту сталае месца пражывання на Крыме і Данбасе пакінулі амаль паўтара мільёны жыхароў. Амаль палова з іх выехала па-за межы Украіны.

Зміцер Косцін, Беларускае Радыё Рацыя