Рыгор Кастусёў: Непраўдзівыя „ветэраны” выклікаюць абурэнне



„Нам не сорамна перад ветэранамі,” – сказаў падчас шэсця „Беларусь памятае” ў Менску Аляксандр Лукашэнка. Кіраўнік дзяржавы прыняў удзел у афіцыйных мерапрыемствах, прымеркаваных да 71-й гадавіны перамогі над фашызмам. Але ці насамрэч пампезныя дзяржаўныя мерапрыемствы патрэбныя ветэранам Другой сусветнай вайны, – каментуе намеснік старшыні Партыі БНФ Рыгор Кастусёў:

– Я часта сустракаюся з такімі людзьмі, іх засталося вельмі-вельмі мала. Але час ад часу атрымліваецца пабачыцца з тымі, хто прайшоў вайну. Хтосьці ваяваў ўсю вайну, хтосьці толькі некалькі месяцаў. Гэтыя сапраўдныя ветэраны, як я заўважаў, яны не вельмі афішуюць свой удзел у вайне. Яны вельмі асцярожна адзначаюць гэтыя дні і імкнуцца не ўдзельнічаць у пампезных святочных мерапрыемствах.

Самае страшнае і балючае для нашага грамадства – што да свята перамогі „прымазваюцца” тыя людзі, якія ў вайне ніякім чынам не ўдзельнічалі, – кажа Рыгор Кастусёў:

– Ёсць людзі, якія выраслі ў пасляваенны час, „прымазваюцца” да гэтага свята, імкнуцца паказаць сябе пераможцамі, імкнуцца паказаць сябе ўдзельнікамі вайны, імкнуцца паказаць сябе ветэранамі вайны. Менавіта вось гэта для мяне з’яўляецца вялікай абразай як для чалавека, у якога ў сям’і сярод блізкіх і родных у час вайны было шмат стратаў.

Сёння ўвечары на пляцоўцы перад Вечным агнём у Менску адбудзецца святочны канцэрт Прэзідэнцкага аркестра Рэспублікі Беларусь з удзелам беларускіх выканаўцаў і запрошаных артыстаў. А 22-й адбудзецца святочны салют з трыццаці залпаў. Салютамі таксама адзначаць Дзень Перамогі ў абласных цэнтрах краіны.

Ганна Мордань, Беларускае Радыё Рацыя