Рыгор Кастусёў: Перадалі ў МЗС нашыя прапановы адносна 100-годдзя БНР
Старшыня Партыі БНФ Рыгор Кастусёў і мастак Мікола Купава, якія ўваходзяць у аркамітэт па святкаванню стагоддзя абвяшчэння Беларускай Народнай Рэспублікі, сустрэліся з намеснікам міністра замежных спраў Яўгенам Шастаковым. Яму перадалі прапановы па адзначэнню 100-годдзя БНР не толькі ў Беларусі, але і на міжнародным узроўні, – кажа Рыгор Кастусёў:
– У тых гарадах, якія звязаныя з дзейнасцю Беларускай Народнай Рэспублікай, гэта Вільня, Прага, Талін, Кіеў, іншыя гарады, мы прапаноўваем, можа праз Міністэрства замежных спраў удасца, усталяваць памятныя шыльды на адпаведных будынках. Мы яшчэ прапанавалі шырокую праграму ўрачыстасцяў у Беларусі. Гэта ўсталяванне шыльдаў таксама ў Менску на месцах, звязаных з дзейнасцю БНР. Мы яшчэ прапанавалі перайменаваць вуліцу Валадарскага ў вуліцу братоў Луцкевічаў.
Таксама прапанавана правесці шэраг святочных мерапрыемстваў, урачыстых пасяджэнняў, шэсцяў і мітынгаў, ускласці кветкі да помнікаў дзеячам, звязаным з БНР.
Па словах Рыгора Кастусёва, сустрэча прайшла ў канструктыўнай атмасферы. Намеснік міністра замежны спраў абяцаў перадаць прапановы кіраўніку ведамства для далейшага абмеркавання.
Генадзь Барбарыч, Беларускае Радыё Рацыя