Рыгор Кастусёў: Перамовы з Зайдэсам пад пагрозай зрыву
Перамовы ў справе рэстарана «Поедем паедим» пад пагрозай зрыву. На заўтра, 17 ліпеня, была дамоўленасць паміж уладальнікамі рэстарана і Рыгорам Кастусёвым сесці за стол перамоваў.
– Па плану на заўтрашні дзень была прызначана папярэдняя сустрэча. З абаронцаў Курапатаў павінны былі прысутнічаць я і Павел Севярынец. З другога боку Зайдзэс і яшчэ адзін саўладальнік. Была прызначана сустрэча на 12 гадзін. Уладальнікі гарантавалі на гэты час прыпыніць працу ўстановы. Пасля падзеяў 14 ліпеня я ўжо не ўпэўнены, што гэтыя перамовы адбудуцца. Мы будзем узгадняць паміж сабой. І зараз адбываецца пасяджэнне аргкамітэта па абароне. Будзем узгадняць, як быць далей: будуць перамовы ці не будуць.
14 ліпеня каля рэстарану «Поедем поедим» у Курапатах адбыўся чарговы інцыдэнт, машына з расейскім нумарамі збіла актывіста Леаніда Кулакова.
Міліцыя, якая прыехала на месца здарэння, адмовілася прымаць заявы ад пратэстоўцаў. Міліцыя таксама не ўмешвалася, калі ахоўнікі і саўладальнік рэстарану Леанід Зайдэс схапілі і адцягнулі ў бок пратэстоўцаў, якія блакавалі мікрааўтобус.
Грамадскія актывісты штодня ад 31 траўня пікетуюць забаўляльны комплекс, патрабуючы яго закрыцця.
Валянціна Лаеўская, Беларускае Радыё Рацыя