Рыгор Кастусёў, які знаходзіцца ў СІЗА КДБ мае патрэбу ў тэрміновай шпіталізацыі



Старшыня Партыі БНФ Рыгор Кастусёў, які знаходзіцца ў СІЗА КДБ, мае патрэбу ў тэрміновай шпіталізацыі, паведаміла БелаПАН яго дачка Кацярына Кастусёва. Яна сказала, што 27 ліпеня бацьку ў СІЗА наведала яго абаронца Інэса Аленская. Стан здароўя 64-гадовага апазіцыйнага палітыка, згодна з словамі дачкі, пагоршыўся. У суботу 24 ліпеня яму выклікалі ў СІЗА хуткую дапамогу. З 2 да 14 ліпеня Кастусёў праходзіў абследаванне і курс тэрапіі ў турэмным шпіталі СІЗА № 1 на вуліцы Валадарскага ў Мінску. Сюды ён трапіў у экстранным парадку з дыхавіцай, ацёкамі канечнасцяў, праблемамі з сэрцам і ціскам, зблытанай свядомасцю. Паводле слоў палітыка, яго стан быў звязаны з невыноснай спякотай, вільготнасцю і дрэннай вентыляцыяй у камеры СІЗА. Дыягназ, па якім Кастусёў атрымліваў тэрапію, дачкі і адвакату да гэтага часу невядомы. Раней сам Кастусёў і яго сям’я выказвалі асцярогу, што вяртанне ў камеру СІЗА КДБ з яе „невыноснымі ўмовамі” ўтрымання пагоршыць стан палітыка. Аднак следства прыняло рашэнне змясціць зняволенага за краты зноў. „Цяпер медыкаменты, якія даюць лекары ў СІЗА, майму бацьку не дапамагаюць, — расказала дачка. — Яму становіцца толькі горш. У бацькі, згодна з апошнімі аналізамі, падазрэнне на анказахворванне. Тэрмінова патрэбная біяпсія, але яго трымаюць у камеры”. „Мой тата тэрмінова мае патрэбу ў шпіталізацыі. Мы неаднаразова хадайнічалі аб змене меры стрымання на хатні арышт, аб шпіталізацыі. Але гэта не дае вынікаў”, — заявіла яна. Паводле слоў дачкі, 27 ліпеня адвакат падала ў следчыя органы яшчэ адно хадайніцтва аб шпіталізацыі падабароннага. Папярэдняе было пададзенае ў чэрвені, але не было задаволенае. 21 і 23 ліпеня Кацярына Кастусёва падавала запыты аб стане здароўя бацькі. „Але яны нічога не адказваюць, ні пра стан, ні пра дыягназ. Толькі з ліста ад таты ад 21 ліпеня я даведалася, што яму значна горш. Ён скардзіцца на болі ў сэрцы, хоць паводле вынікаў УГД і кардыяграмы ў СІЗА-1 нам паведамілі, што ўсё ў парадку”, — сказала Кастусёва. „Я кансультавалася з урачамі і, згодна з іх словамі, без аператыўнага ўмяшання, хутчэй за ўсё, ужо не абысціся. Сёння планую накіраваць яшчэ адзін запыт на інфармацыю аб стане здароўя таты”, — дадала яна. Як паведамлялася, раней абароне палітыка было адмоўленае ў змене яму меры стрымання. Рыгора Кастусёва затрымалі 12 красавіка ў Шклове (Магілёўская вобласць) і даставілі ў КДБ. 17 красавіка Аляксандр Лукашэнка заявіў аб затрыманні групы, якая планавала замах на яго і яго дзяцей, і звязаў яе са спецслужбамі ЗША. „Мы выявілі працу відавочна замежных спецслужбаў, хутчэй за ўсё, Цэнтральнага разведвальнага ўпраўлення, ФБР, не ведаю, хто там з амерыканцаў працаваў. Мы выявілі іх жаданне з’явіцца ў Мінск і ўжо заняцца арганізацыяй замаху на прэзідэнта і дзяцей”, — сказаў ён падчас падыходу да пулу сваіх журналістаў на суботніку. „Мы іх захапілі ў Маскве, яны пабаяліся [прыехаць у Мінск]. З ЗША прыляцелі — агентура. Прозвішча яго — нейкі Зянковіч (адвакат Юрый Зянковіч. — БелаПАН.). Яны пабаяліся сюды ехаць пасля таго, як мы затрымалі некалькі груп, якія сюды зброю звезлі, ужо ў схованкі схавалі. Яны паехалі ў Маскву. І хто там яшчэ? Наш быў гэты — Фядута (паліттэхнолаг, першы прэс-сакратар Лукашэнкі Аляксандр Фядута. — БелаПАН.). Потым сталі шырэй глядзець: Кастусёў з’явіўся там”, — сказаў Лукашэнка. Затрыманым выстаўленыя абвінавачанні паводле ч. 1 арт. 357 Крымінальнага кодэкса (змова або іншыя дзеянні, здзейсненыя з мэтай захопу ці ўтрымання дзяржаўнай улады неканстытуцыйным шляхам), ім пагражае ад 8 да 12 гадоў пазбаўлення волі.

БелаПАН